Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску цэны сталі вышэй


Ігар Карней, Менск Улады Менску скарысталіся магчымасьцю, вызначанай у дзяржаўным бюджэце, і павялічылі мясцовы падатак на кошт тавараў і паслуг. У выніку ад канца мінулага тыдня спажыўцы сутыкнуліся з рэальнай сытуацыяй, калі нельга верыць таму, што напісана на цэньніку.

Наведнікаў крамаў, пунктаў грамадзкага харчаваньня, салёнаў сувязі, цырульняў, салярыяў на мінулым тыдні чакала непрыемнае адкрыцьцё. На распараджэньне гарадзкіх уладаў да 10% падвышаны мясцовы падатак на паслугі і продаж, што адразу ж адбілася на іх коштах. Нюансы тлумачыць юрыст Алег Краўчук.

Краўчук: “Бюджэтам дзяржавы на 2007 год дазволена мясцовым адміністрацыям, выканаўчым камітэтам падвышаць мясцовы падатак з продажу да 10%. Калі раней было 5%, то цяпер – 10%. Але на некаторыя паслугі прадугледжаны падвышальны каэфіцыент, то бок, дадатковыя падаткі. Але ўвогуле падатак з продажу – 10%; ён тычыцца практычна ўсяго, уключна з паслугамі. Адным словам, як непасрэдна для спажыўца, дык усё, што тычыцца горада Менску, усё падаражэла”.

Бальшыня суб’ектаў гаспадараньня новыя рэаліі ці то праігнаравалі, ці прапусьцілі з прычыны ўласнай няўважлівасьці. Нават наведнікі саліднага салёну элітных сьвяцільнікаў у цэнтры Менску “Massive” неадпаведнасьць цэньніка на пакунку суме, выбітай у чэку, знаходзілі ўжо дома. Старшы прадавец крамы Вольга Багданава тлумачыць, што дакумэнт, які інфармуе пра падвышэньне падатку з продажу, яны атрымалі толькі 8 лютага. Між тым, само палажэньне набыло моц яшчэ тыдзень таму.

Багданава: “Прыкладам, калі сьвяцільнік каштуе 700-800 тысяч рублёў, падатак у 10% карэктуе кошт у бок павелічэньня на 80 тысяч. Да нашага ведама гэта давялі ўчора (8 лютага – РС), бугальтэрыя мусіла тэрмінова выпраўляць кошты. А ўвогуле, нібыта ад 1 лютага ўсё пачало дзейнічаць. Прынамсі, на імпартаваны тавар падатак з 5% падняўся да 15% – кажуць, дзеля абароны айчыннага вытворцы”.

Аднак, калі на пакунках ліхтароў стаялі яшчэ старыя кошты, каса ва ўсю працавала паводле новых правілаў. Няпільныя пакупнікі, спазьніўшыся на дзень, у выніку пераплачвалі немалыя грошы. Аднак спадарыня Багданава ня згодная, што рэвізія коштаў адбываецца “заднім чыслом”.

Багданава: “Ня тое, што заднім чыслом. Гэта ўжо больш нашы праблемы –тое, што мы страцілі ў падатку. То бок, мы проста патрацім больш грошай на падаткі, не атрымаўшы іх, панясём страты, што не адразу, не ад 1 лютага перарабілі цэны, а толькі цяпер. І мы самі гэтаму абсалютна ня рады. І нам дадатковая праца і, натуральна, падвышэньне коштаў ніяк не паўплывае на павелічэньне аб’ёму продажу. Гэта нікому радасьці не прыносіць, на жаль. Нам даводзіцца проста выконваць тое, што абавязкова для ўсіх. Але кампэнсаваць гэта мы ніяк ня зможам. Якім чынам?”

Зрэшты, я быў сьведкам, як адзін пакупнік праз гадзіну пасьля куплі трох ліхтароў апамятаўся і выказаў прэтэнзію. Адміністрацыя крамы папрасіла ў яго прабачэньня і выплаціла рэшту паміж цаной, якая была на старым цэньніку, і той сумай, якую ён заплаціў з улікам новага падатку. Пасьля гэтага краму зачынілі і ўсім калектывам сталі перапісваць лічбы на цэньніках. Але колькі засталося “няпільных”?

Лідэр арганізацыі ў абарону прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка прагназуе яшчэ больш істотныя падвышэньні цэнаў на тавары і паслугі, што непасрэдна закране, перадусім, шараговых спажыўцоў.

Шумчанка: “Закон уключае ў сябе некалькі падаткаў, якія патрэбна плаціць. І, само сабой, будуць падвышацца кошты. Але ў любым выпадку: хто будзе аплочваць выдаткі? Спажывец! Мы прагназуем, што ўрэшце самымі галоўнымі пацярпелымі будзем мы з вамі, спажыўцы. Пачынаючы ад бэнзакалёнак і завяршаючы шнуркамі і шкарпэткамі. Цэны будуць адназначна зьмяняцца, і не ў прыемны для нас з вамі бок”.
XS
SM
MD
LG