Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменяць прэзыдэнцкія выбары ў Туркмэністане?


Тацяна Поклад, Прага Туркмэністан – краіна, якую называюць “каралеўствам пустэльнікаў” і “Паўночнай Карэяй у Цэнтральнай Азіі”. У нядзелю 11 лютага ў Туркмэністане адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, на якіх упершыню ў гісторыі краіны будзе больш за аднаго кандыдата. Хаця вынікі амаль дакладна вядомыя, увесь сьвет уважліва прыглядаецца да гэтых выбараў, каб заўважыць прыкметы будучага курсу Туркмэністану.

Раўнаньне з шасьцю невядомымі й дадзеным вынікам

Права галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах мае амаль палова 5-мільённага насельніцтва краіны. Апошнія прэзыдэнцкія выбары тут былі каля 15 гадоў таму (у чэрвені 1992 г.), калі ранейшы прэзыдэнт Сапармурат Ніязаў быў адзіным кандыдатам і набраў 99,5 % галасоў.

У цяперашніх выбарах бяруць удзел шэсьць кандыдатаў. Усе яны гавораць пра пэўныя накірункі зьменаў, аднак абяцаюць працягваць у асноўным палітыку Туркмэнбашы – “кіраўніка туркмэнаў”. Так называлі Ніязава, чыя палітыка пераўтварыла Туркмэністан у адну з найбольш ізаляваных краінаў сьвету.


29 кастрычніка 2006 г. Туркмэнбашы (у цэнтры) на цырымоніі сьвяткаваньня 15-годзьдзя незалежнасьці Туркмэністану, Ашхабад

Сьмерць Ніязава летась у сьнежні можа пакласьці канец гэтай эпохі ў гісторыі Туркмэністану. У гэтую нядзелю грамадзяне будуць абіраць паміж шасьцю кандыдатамі ў прэзыдэнты, якія дасюль былі амаль невядомымі нават у самім Туркмэністане.

Ніякай апазыцыі на выбарах

Энн Сандэр Плэсмэн, дасьледчык Грузіі і Туркмэністану ў праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”, адзначае, што, на жаль, у гэтых выбарах за пасаду прэзыдэнта змагаюцца толькі тыя, чые кандыдатуры адобрыў рэжым.

Сандэр Плэсмэн: “Ніякія апазыцыйныя партыі не маглі і ня могуць браць удзел у гэтых выбарах”.

Былы туркмэнскі парлямэнтар Халмурат Саюнаў, цяпер апазыцыянэр у выгнаньні, заявіў, што выбары зьяўляюцца нелегітымнымі, таму што ўвесь народ не браў удзел у вылучэньні кандыдатаў.

Саюнаў: “Усе кандыдаты на выбарах 11 лютага вылучаныя ўрадам, а не народам. Тут мы бачым парушэньне канстытуцыйнага права грамадзянаў галасаваць і выбіраць сваіх прадстаўнікоў”.

Усё для перамогі Бэрдымукамэдава

Туркмэнскі ўрад спадзяецца на актыўнасьць выбаршчыкаў у часе галасаваньня. Туркмэнская дзяржаўная тэлевізія перадае абвестку, каб заахвоціць грамадзянаў прыходзіць на выбарчыя ўчасткі.

“Кожны, хто прыйдзе галасаваць першы раз, маладзейшыя і старэйшыя, атрымаюць падарунак”, – паведамляе туркмэнская тэлевізія.

Фаварытам лічыцца былы міністар аховы здароўя Гурбангулы Бэрдымукамэдаў, які цяпер выконвае абавязкі прэзыдэнта. Хаця ён заяўляе пра аднолькавы час у СМІ для усіх кандыдатаў, насамрэч ён сам меў ільвіную долю эфірнага часу і ўвагі прэсы ў параўнаньні з іншымі кандыдатамі. Болей таго, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі адкрыта заявіў, што будзе працаваць дзеля таго, каб пабачыць Бэрдымукамэдава абраным прэзыдэнтам.

Замежных назіральнікаў ня будзе – нават з СНД

Многія дэмакратычныя краіны і праваабарончыя арганізацыі заклікалі туркмэнскі ўрад гэтымі выбарамі даць магчымасьць краіне зрабіць крокі да дэмакратычныага, лібэральнага разьвіцьця. Некаторыя кандыдаты абяцалі зрабіць больш даступным інтэрнэт, права набываць зямлю, зьменшыць абмежаваньні на паездкі за мяжу.

Гэтыя выбары павінны паказаць, ці маюць туркмэнскія ўлады намер зьменшыць кантроль над грамадзтвам, якое дасюль зьяўляецца адным з найменей свабодных ў сьвеце. Але на прэзыдэнцкіх выбарах у Туркмэністане ў нядзелю ня будзе ні замежных назіральнікаў, ні нават назіральнікаў з краінаў СНД.

АБСЭ стварыла групу , якая будзе, паводле словаў арганізацыі, “сачыць за выбарчым працэсам” і “азнаёміцца з пытаньнямі, зьвязанымі з выбарамі”, аднак група АБСЭ ня будзе ні назіраць, ні рабіць маніторынг выбараў, і ня будзе публікаваць справаздачу адносна выбараў у Туркмэністане.

Гл. таксама:

Як працуе мэханізм перадачы улады ў дыктатарскіх краінах? Хто будзе пераемнікам Туркмэнбашы? Прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў не пакінуў пераемніка Беларускія палітыкі пра сьмерць Туркмэнбашы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG