Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць ці ня быць кангрэсу дэмсілаў, будзе ясна на наступным тыдні


Алесь Дашчынскі, Менск Аргкамітэт другога кангрэсу дэмакратычных сілаў пакуль не атрымаў дазволу ад менскіх уладаў на правядзеньне мерапрыемства. Пошукі памяшканьня ў Менску таксама пакуль беспасьпяховыя. У аргкамітэце не выключаюць, што з-за тэхнічных прычынаў кангрэс можа не адбыцца ў вызначаны тэрмін – 17 – 18 сакавіка.

Месца пакуль не знайшлі

Пакуль у аргкамітэце ёсьць дзьве адмовы на памяшканьне – ад канцэртнай залі “Менск” і ад Палацу культуры аўтазаводу. Ад іншых наагул пакуль адказаў няма. Сытуацыя з Палацам культуры трактарнага заводу няпэўная. Паводле старшыні аргкамітэту кангрэсу Аляксандра Бухвостава, з адказу яго адміністрацыі вынікае, што гэты палац мае магчымасьць прадаставіць памяшканьне толькі на дзьве гадзіны. Дырэктар палацу Ўладзімер Кірута сказаў, што 17 сакавіка заля ўжо занятая:

Кірута: “Я даваў адказ, але ён жа не канкрэтны гэты адказ. Я ня ведаю, калі ім там патрэбна. На якую дату? Але там тэлефонаў няма, каб зь некім стэлефанавацца. А заяўнікі таксама не тэлефануюць”.

Аляксандар Бухвостаў мяркуе, што, як і ў іншых выпадках, гэтае пытаньне будзе вырашацца ўладамі:

Бухвостаў: “Гэты адказ нічога не азначае, бо не Палац культуры трактарнага заводу будзе вызначаць, праводзіць кангрэс ці не. Гэта будуць вызначаць зусім іншыя інстанцыі. І пакуль мы не атрымаем адказ ад Менскага гарвыканкаму, у нас няма ніякіх падстаў разьлічваць, што будзе прадастаўлена памяшканьне ў Менску”.

“Масавыя фальшаваньні” подпісаў дэлегатамі – хлусьня

Дагэтуль яшчэ не завяршыўся працэс пацьверджаньня паўнамоцтваў дэлегатаў. Паводле старшыні Цэнтральнай наглядальнай камісіі Ўладзімера Лабковіча, пакуль можна казаць толькі пра наяўнасьць каля 530 дэлегатаў. І на праверку подпісаў, сабраных астатнімі дэлегатамі, спатрэбіцца яшчэ каля месяца. Дзяржаўныя мэдыі ўжо на гэта адрэагавалі.

Лабковіч: “Тыя чуткі пра фальшаваньні, якія выказваюцца ў сродках масавай інфармацыі, часьцяком бываюць перабольшаны. Дэлегаты кангрэсу не прызнаюцца збольшага на падставе таго, што яны зрабілі памылкі ці зьбіралі подпісы з парушэньнямі палітычнага пагадненьня і інструкцый, якія зацьвярджаліся аб’яднанымі дэмсіламі. Але казаць пра масавыя фальшаваньні – гэта хлусьня. Няма ніякага масавага фальшаваньня подпісаў”.

Кангрэсу хочуць ня ўсе

Старшыня аргкамітэту кангрэсу Аляксандар Бухвостаў кажа, што параўнальна зь мінулым кангрэсам дэмсілаў цяпер працаваць значна складаней. Ці можна ўкласьціся ў плянаваны тэрмін?

Бухвостаў: “З кожным днём становіцца ўсё складаней. Калі ў Менску, то мы можам укласьціся. Справа ў тым, што не прыняты канчатковыя прынцыповыя рашэньні. Усе быццам бы за кангрэс, але ў той жа час адчуваецца, што ня ўсе хочуць кангрэсу. На наступным тыдні будзе нарада, на якой мусяць вызначыць канчаткова: быць кангрэсу ці не. Бо вельмі складана рыхтаваць кангрэс, калі ёсьць такая няпэўнасьць. У такіх умовах вельмі складана весьці мэтанакіраваную падрыхтоўку”.

Гл. таксама:

У апазыцыі няма згоды адносна кангрэсу

Ці дапаможа Кангрэс дэмакратычных сілаў разьвязаць праблемы апазыцыі?
XS
SM
MD
LG