Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя 26 актывістаў “Згуртаваньня беларускіх студэнтаў” (абноўл.)


Любоў Лунёва, Менск 26 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Згуртаваньне беларускіх студэнтаў” сёньня а 16.30 затрымалі супрацоўнікі міліцыі, калі актывісты намагаліся правесьці зьезд арганізацыі. Прыблізна праз тры гадзіны студэнтаў пачалі паступова адпускаць, узяўшы ў іх тлумачэньні.

Сёньня пад Менскам адбылася нефармальная сяброўская сустрэча чальцоў грамадзкай арганізацыі “Згуртаваньне беларускіх студэнтаў”, якая была ліквідаваная ўладамі ў 2003 годзе. Каля 30 чалавек моладзі сабраліся ў аднаго зь сяброў у прыватным доме ў вёсцы Лугавая Слабада.

Як толькі актывісты сабраліся ў кватэры, туды ўварваліся спэцназаўцы, міліцынты і людзі ў цывільным. Спачатку актывістаў ЗБС трымалі ў адным пакоі, і міліцыянты казалі ім, што яны не затрыманыя. Але пасьля таго, як міліцыянты перапісалі ўсе прозьвішчы актывістаў, іх адвялі ў аўтазак і павезьлі ў міліцыю.

Супрацоўнікі міліцыі даставілі затрыманых у райаддзел міліцыі Менскага раёну, дзе яны і знаходзяцца ў гэтыя хвіліны. Вось што паведаміла нам адна з затрыманых Алена Талапіла:

Талапіла: “Пачалі грукацца ў дзьверы людзі ў цывільным, мы не адчынялі, а калі падыйшлі людзі ў форме – адчынілі. Яны сказалі, што нас зашмат людзей сабралося. Палкоўнік сказаў, што шмат людзей у вышуку ў нашым раёне і што трэба праверыць дакумэнты”.

Міліцыянты патлумачылі свае дзеяньні тым, што да іх паступіла ананімная інфармацыя пра тое, што ў месцы правядзеньня сустрэчы нібыта знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне.

Цяпер з маладымі людзьмі будзе весьціся разьбіральніцтва – чаму яны сабраліся на прыватнай кватэры ў 10 км ад гораду. Актывісты хацелі правесьці зьезд, як яны лічылі – на кансьпіратыўных умовах. Законна іх могуць трымаць у пастарунку каля 3 гадзінаў.



Нагадаем, што 4 лютага міліцыянты затрымлівалі каля 30 актывістаў “Маладога фронту”. Зьмітра Хведарука і Алега Корбана трое сутак трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Яны маюць статус падазраваных у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Алег Корбан і Зьміцер Хведарук заявілі, што сьледчыя КДБ прымушалі іх падаць заявы пра выхад з арганізацыі й напісаць ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі — каб той дараваў ім удзел у “Маладым фронце”.



Здымак “Нашай нівы”: Гэтак тыдзень таму вялі ў аўтазакі актывістаў МФ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG