Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось чым яшчэ можна заняцца ў Менску ўначы...


Радыё Свабода Кожную суботу на золку жыхары Менску, якія любяць кнігі, скіроўваюцца на вядомы кніжны кірмаш, што месьціцца ў спартовым комплексе “Дынама” ля Камсамольскага возера. Гандаль пачынаецца ў суботу апоўначы й заканчваецца па абедзе. Меней чым за суткі кірмаш наведваюць дзясяткі тысячаў чалавек. У чым прычына яго папулярнасьці?

На Камсамольскае возера я трапляю недзе а восьмай раніцы – наведнікаў ужо багата, лік ідзе на тысячы чалавек. Гандаль адбываецца ў звычайнай спартовай залі, на развалах, як на рэчавым рынку ў пачатку 1990-ых гадоў. Ля кожнага такога развалу таўчэцца зь дзясятак чалавек. Мне насустрач ідуць людзі з поўнымі торбамі кніжак.

Карэспандэнтка: “Што вас сюды прывяло?”

Спадарыня: “Як звычайна, як і ўсіх – набыцьцё кніг. У прынцыпе, тут асартымэнт большы, чым на кірмашы “Сьвет кніг”. Ну й кошты тут лепшыя”.

Пэнсіянэрка: “Тут можна таньней набыць часопісы па рукадзельлі. Яны мяне вельмі цікавяць”.

Спадар: “Тут таньней”.

Карэспандэнтка: “Нашмат?”

Спадар: “Так, часам бывае ўдвая-ўтрая таньней, чым у краме”.

Іншы спадар: “Набываем дзецям нашым кніжкі ў падарункі на 23 лютага й 8 сакавіка. Мы з бацькоўскага камітэту, прыехалі раней, каб набыць”.

Студэнтка: “Трэба набыць контурную мапу для малодшай сястры. А ўвогуле я тут даволі часта бываю, бо тут асартымэнт большы, чым у той самай кніжкай краме”.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць наўпрост з выдавецтвамі, ніякіх гандлёвых нацэнак ня робяць. У выніку кошт кнігі ў краме можа вельмі сур’ёзна адрозьнівацца ад кошту такой самай кнігі на кірмашы. Кажа адна з гандлярак.

Дзяўчына: “Прыкладна можа ўдвая нават. Бо крамы завышаюць кошты, прычым нашмат”.

Пераважная большасьць кніжнай прадукцыі тут з Расеі. Аднак я заўважыла адзін пункт, дзе прадавалі беларускія кніжкі. Гаспадар гандлёвага пункту тлумачыць:

Спадар: “Выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя”. Яны працуюць зь індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Так яны сюды і паступаюць”.

Уначы на кірмаш прыяжджаюць прадпрымальнікі зь іншых гарадоў Беларусі й набываюць тут кнігі гуртом – каб прадаваць у сябе дома. Пад ранак падцягваюцца звычайныя пакупнікі, каб набыць кнігі ў розьніцу. Дарэчы, на кірмашы прадаюцца ня толькі кніжкі. Можна тут знайсьці й глянцавыя часопісы, канцылярскія тавары, CD і DVD-дыскі, карты Таро, календары…

Літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў кажа, што такія кірмашы існуюць ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі ды ў іншых постсавецкіх краінах. І яны ствараюць пэўную канкурэнцыю кнігарням. Кірмаш на Камсамольскім возеры будзе існаваць у Беларусі да той пары, пакуль нехта не прыпыніць яго дзейнасьць валявым рашэньнем. А перадумовы для прыняцьця такога рашэньня ёсьць, лічыць спадар Сіўчыкаў.

Сіўчыкаў: “Давайце прыгадаем, як на праспэкце стаялі шапікі. І я, напрыклад, як карыстальнік быў, калі іх пазачынялі, бо нейкую дробязь бывае набыць вельмі зручна. А іх зьнішчылі, і значыцца я мушу паехаць некуды ў буйную краму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG