Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стануць дамы больш бясьпечнымі?


Ігар Карней, Менск Менская міліцыя прапануе гарадзкім уладам удасканаліць праекты жылых дамоў з улікам сучасных патрабаваньняў бясьпекі. Нагодай стала больш за сем дзясяткаў крадзяжоў за мінулы год, калі злодзеі залазілі ў кватэры праз каналізацыйныя шахты з дахаў шматпавярховых дамоў.

Нядаўна праваахоўныя органы затрымалі групу злачынцаў, на рахунку якіх, паводле апэратыўнай інфармацыі, звыш 70 кватэрных крадзяжоў. Так званыя “спэлеолягі” карысталіся каналізацыйнымі шахтамі, дэсантуючыся на верхнія паверхі праз дах і прыхопліваючы грошы і каштоўнасьці. Як лічаць ва Ўпраўленьні ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, менавіта архітэктурныя хібы сталі прычынай лёгкага пранікненьня злодзеяў у кватэры. Праўда, рэакцыі на свае прапановы міліцыянты яшчэ не атрымалі.

Супрацоўнік упраўленьня: “Праблема сама па сабе вельмі актуальная і перад гэтым дасканала вывучалася менавіта на падставе сэрыі кватэрных рабаўніцтваў. Аднак інфармацыя наконт рэакцыі Менгарвыканкаму на нашую ініцыятыву пакуль не паступала. Але, пэўна, адразу яны і ня могуць адказаць, бо, шчыра кажучы, гэта ж маецца на ўвазе вынясеньне досыць глябальнага рашэньня”.

У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што атрымалі пакет прапановаў на ўдасканаленьне праектаў жылых дамоў, аднак нейкія папярэднія камэнтары рабіць адмовіліся. Маўляў, спачатку трэба грунтоўна вывучыць тэхнічныя магчымасьці зрабіць жылыя дамы “злодзеянепрапускальнымі”.

Вядомы архітэктар Леанід Левін, на рахунку якога нямала праектаў шматкватэрных дамоў, лічыць: наўрад ці перабудова закране ўжо збудаваныя дамы. Хоць, як лічыць спадар Левін, ніякіх складанасьцяў для архітэктараў такая задача не ўяўляе. Вось толькі дагэтуль ніколі нават не паўставала пытаньне неабходнасьці засьцерагаць кватэры з боку каналізацыі.

Левін: “Я калісьці праектаваў такія дамы, хоць, шчыра кажучы, ніколі не любіў падобныя збудаваньні, бо нас прымушалі праектаваць “будкі для зьвярушак”. Даўненька не займаюся гэтым, але падчас працы ў праектным інстытуце такое пытаньне ўвогуле ня ставілася. Хоць, як я лічу, зусім не складана было зрабіць ад пачатку, каб ніхто ня лазіў. А ў нас проста традыцыйна адразу памылак налепяць, а потым пачынаюць думаць”.

Карней: “Але ж усё гэта мае на ўвазе і дадатковыя выдаткі?”

Левін: “Што значыць выдаткі? Грошы патрэбныя і для інвалідаў, каб яны сябе адчувалі больш камфортна. Грошы патрэбныя на ўсё! Але трэба рабіць так, як ва ўсім сьвеце цывілізаваным робіцца – каб усё было разумна. Таму што, ведаеце, калі робіцца абы як, каб толькі хуценька-хуценька і яшчэ заашчадзіць, то гэта нічога добрага не дае. Безумоўна, усё гэта патрабуе нейкай дадатковай увагі”.

У адным толькі Менску ад канца 1990-х штогоду здаецца блізу 900 тысяч квадратных мэтраў жыльля. Усе дамы будуюцца паводле праектаў, распрацаваных для масавай забудовы. А вось ці можна ўнесьці істотныя архітэктурныя і тэхнічныя карэктывы ў пляны, ужо зацьверджаныя на бягучы год, застаецца пытаньнем адкрытым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG