Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 9 лютага


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

“Адчуваньне страху. Прэзыдэнт Беларусі губляе сяброў і арыенціры” – завецца падборка матэрыялаў, апублікаваных 9 лютага на сайце “Российской газеты” . “Можна не сумнявацца – яшчэ ня раз і ня два прэзыдэнт Беларусі будзе крытыкаваць “барбарскія”, зь яго гледзішча, дзеяньні Расеі, якая нарэшце цьвёрда дала зразумець: рэжым Лукашэнкі і беларускі народ – гэта не адно і тое ж”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра салдата тэрміновай службы, якога жорстка зьбіў прапаршчык у адной з вайсковых частак у менскім мікрараёне Ўручча. Водгукі: “Войска так і не зьмянілася за 15 гадоў. Чамусьці дзяржава хоча маладых здаровых салдатаў”; “І пасьля гэтага яны будуць казаць, што ў нас усе з задавальненьнем ідуць у войска???”; “А колькі ў міліцыі такіх, азьвярэлых ад уласнай беспакаранасьці”; “Ёсьць спадзеў, што гэтага прапаршчыка “парвуць” паказальна”; “Фэадальнае войска, як і дзяржава”.

Сайт сецявых навінаў Bybanner.com нагадвае, што да ўступленьня ў сілу ўказу пра інтэрнэт-гандаль застаўся адзін месяц. Цяпер, каб атрымаць права рэалізоўваць тавары празь сеціва, юрыдычная асоба мусіць зарэгістраваць свой сайт у дамэннай зоне BY. Спэцыяльныя дакумэнты выдае Цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце РБ. Адпаведныя зьмены мусяць уносіцца ў ліцэнзію на гандаль. Адзін з уладальнікаў інтэрнэт-крамы камэнтуе: “Аніякіх ліцэнзій не даюць, іх ніхто на вочы яшчэ ня бачыў!” Іншы камэнтатар іранізуе: “У нашай краіне апроч ліцэнзіі ёсьць яшчэ 100 і адзін спосаб “узьлюбіць” гандляра”.

Карыстальнік сайту блогаў “Жывы Журнал” Zagorski апублікаваў копію стандартнай дамовы з адным зь беларускіх банкаў, дзе сярод іншага абумоўленыя форс-мажорныя абставіны, пры якіх банк не нясе адказнасьці за выкананьне абавязкаў. “Збоі ў сыстэме тэлекамунікацыяў, рашэньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, навадненьні, пажары, землятрусы ды іншыя стыхійныя бедствы…” Камэнтар: “Клясна! Стыхійнае бедства – “дзяржаўныя органы РБ!”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі.
XS
SM
MD
LG