Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дваццатцы найгоршых дыктатараў сьвету Лукашэнка заняў 14 месца


Радыё Свабода, Прага Апошні месяц Аляксандар Лукашэнка то рабіў выклікі Расеі, то спрабаваў фліртаваць з Захадам, то выказваў рашучасьць ісьці сваім уласным шляхам. Пра тое, якімі матывамі кіруецца аўтакратычны кіраўнік Беларусі, у інтэрвію “Свабодзе” разважае экспэрт у галіне дыктатарскіх рэжымаў амэрыканскі журналіст Дэвід Валачынскі, аўтар кнігі “Тыраны: 20 горшых жывых дыктатараў сьвету”.

Слухаць:



Некаторыя замежныя палітолягі прадказваюць хуткі сыход з палітычнай сцэны беларускага кіраўніка, які адначасова патрапіў пад ціск і Захаду, і Расеі. Але сам Аляксандар Лукашэнка перакананы, што чуткі пра канец ягонай палітычнай кар’еры перабольшаныя. Вось што ён заявіў на гэты конт у інтэрвію “Reuters”:

Лукашэнка: “Дай Бог за гэтыя чатыры гады мне выканаць тое, што я абяцаў свайму народу. Калі я гэта зраблю і здароўе мне дазволіць, я буду актыўным дзейным чалавекам, я не маю намеру сыходзіць з палітычнай барацьбы”.

Пытаньне ў тым, ці сапраўды спадар Лукашэнка, якога лічаць апошнім дыктатарам Эўропы, так адданы сваёй справе, ці ён проста не ўспрымае ніякай альтэрнатывы цяперашняй пасадзе. На справе ўсе аўтакратычныя лідэры, такія, як Лукашэнка, незалежна ад іх палітычнай філязофіі, падзяляюць адзін ключавы інстынкт – інстынкт самазахаваньня, утрыманьня ўлады ў сваіх руках, лічыць Дэвід Валачынскі, амэрыканскі дасьледчых сучасных тыранаў сьвету: прэзыдэнтаў, каралёў і князькоў, якія жалезным кулаком кіруюць сваімі краінамі.

Валачынскі дзеліць дыктатараў на тры катэгорыі: на тых, хто атрымаў уладу ў спадчыну ад сваіх родзічаў, як прэзыдэнт Сірыі Башыр аль-Асад, тых, хто, як Фідэль Кастра, захапіў уладу ў краіне сілай, і на тых, якія вырасьлі ва ўладароў дзякуючы палітычнай кар’еры, як Лукашэнка і іншыя пост-савецкія аўтакраты.

Гаворыць Дэвід Валачынскі:

Валачынскі: “Што да выпадкаў Лукашэнкі, прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава, былога туркмэнскага лідэра Ніязава ды іншых – гэтым спадарам проста пашанцавала патрапіць у патрэбнае месца ў патрэбны час, калі ў Савецкім саюзе распалася камуністычная сыстэма. І яны змаглі пераўтварыцца ў сымбалі новых незалежных дзяржаваў, пры гэтым часткова захаваўшы старую савецкую сыстэму”.

Упершыню ў сьпіс патрапіў Пуцін, "выбыў" Туркмэнбашы

Дэвід Валачынскі штогод абнаўляе сваю дваццатку найгоршых дыктатараў сьвету. Сёлетні сьпіс ён мяркуе апублікаваць 11 лютага. Пад першым нумарам у ім стаіць як самы горшы дыктатар сьвету прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр, якога абвінавачваюць у арганізацыі забойстваў і высяленьняў соцень тысяч людзей у правінцыі Дарфур. Далей ідуць кіраўнікі Паўночнай Карэі, Ірану, Кітаю, Зімбабвэ.

З гэтага заганнага сьпісу сёлета выпаў Туркмэнбашы (летась Ніязаў быў на 8-м месцы). У сувязі зь ягонай сьмерцю сьпіс пасунуўся. У выніку гэтага 20-е месца заняла зусім новая асоба ў сьпісе дыктатараў – прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Месца Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым пераліку засталося ранейшым – 14-м. Яго абышлі Карымаў – 8-е месца, і кароль Савудаўскай Арабіі Абдула – 5-е месца.

Дэвід Валачынскі свой рэйтынг дыктатараў засноўвае на канкрэтных крытэрах: парушэньне свабоды слова і сумленьня ў краінах, фальшаваньне выбараў, залежнасьць і карумпаванасьць судовай сыстэмы, немагчымасьць грамадзкіх пратэстаў і беспакаранай крытыкі ўраду.

"Лукашэнка выглядаў і паводзіў сябе як гангстэр"

З усіх фігурантаў свайго сьпісу дыктатараў Дэвід Валачынскі мог асабіста назіраць толькі адну асобу – Аляксандра Лукашэнку. Пад час Алімпійскіх гульняў у японскім Нагана Валачынскі бачыў беларускага кіраўніка ў ложы для важных гасьцей хакейнай арэны.

Валачынскі захаваў ад тых назіраньняў уражаньне, што Лукашэнка выглядаў і паводзіў сябе як гангстэр.

Валачынскі: “У першыя вечары ён паказваўся апранутым у касьцюм з гальштукам, як належыць лідэру краіны. Падобна была апранутая ягоная ахова. Але пазьней раптоўна яны памянялі свой выгляд і прыходзілі ў спартовых касьцюмах, такіх, якія апранаюць на трэніроўку. Але гэта не зьмяніла іх выгляду, яны па-ранейшаму выглядалі як палітычная мафія”.

У сваіх дасьледаваньнях спадар Валачынскі адсочвае ня толькі палітыку дыктатараў, іхны ўціск і прыгнёт грамадзян. Ён таксама вывучае пэрсанальнае жыцьцё дыктатараў. Ён гэта робіць, каб нагадаць чытачам, што гэта рэальныя людзі, а не штучныя монстры.

"Ён саромеецца свайго паходжаньня"

Вывучаючы прыватнае жыцьцё Лукашэнкі, Валачынскі ніяк не мог знайсьці фота ягонай жонкі. Калі ён спытаў групу беларускіх спартовых журналістаў у Нагана, тыя адказалі, што ніколі ня бачылі яе і нават ейных здымкаў.

Валачынскі лічыць гэта дзіўным, але кажа, што гэты факт дапамог яму разьвіць тэорыю “пэрсанальнага дэмана Лукашэнкі”.

Валачынскі: “У мяне такое ўражаньне, што ён саромеецца свайго паходжаньня, ён хацеў бы быць такім сапраўдным сусьветным лідэрам, але калі вы пабачыце ягоную жонку, то будзеце ведаць, адкуль ён прыйшоў насамрэч”.

На справе жонка Аляксандра Лукашэнкі Галіна ніколі не выконвала абавязкаў першай лэдзі. Яна жыве непадалёк ад Шклова, дзе Лукашэнка пачынаў сваю кар’еру.

Час дыктатараў, з эўрапейскага пункту гледжаньня, ужо мінуў

Гаворачы пра будучыню беларускага дыктатара, спадар Валачынскі зазначае, што для А.Лукашэнкі цяпер насталі цяжкія часы, ён вымушаны адначасова змагацца зь вялікай залежнасьцю беларускай эканомікі ад Расеі, і зь ціскам Захаду, які хоча, каб ён адмовіўся ад самаізаляцыі. Ягоны аўтакратычны стыль стане праблемай, калі ён паспрабуе навязаць новыя сувязі.

Валачынскі: “Лукашэнка ў складанай сытуацыі, бо цяпер ня той пэрыяд, калі эўрапейскія лідэры былі гатовыя заплюшчыць вочы на парушэньне правоў чалавека. Ён успрымаецца імі як нейкай заноза ў целе кантынэнту. Быць дыктатарам, як Лукашэнка, – гэта значыць быць часткай часу, які, з эўрапейскага пункту гледжаньня, ужо мінуў”.

Такім чынам, што застаецца Аляксандру Лукашэнку, калі ад яго адмаўляюцца і традыцыйны партнэр, Расея, і Эўропа? На думку спадара Валачынскага, у такім выпадку ён будзе рабіць тое ж, што і ўсе дыктатары, калі ім патрэбная падтрымка, – шукаць іншых падобных да сябе.

Валачынскі: “Калі ён мае праблемы і з эўрапейцамі, і з расейцамі, ён будзе рабіць тое, што робяць многія іншыя дыктатары – ён зьвернецца да кітайцаў, іранцаў, да дыктатараў усяго сьвету, якія імкнуцца падтрымліваць адзін аднаго. Ён узмоцніць гандаль зь Кітаем, Пакістанам, Іранам, афрыканскімі дзяржавамі, калі яны маюць хоць штосьці, што ён можа выкарыстаць”.

На самой справе Лукашэнка ўжо наладзіў кантакты з кіраўніцтвам такіх дзяржаваў як Іран, Куба, Вэнэсуэла. Аднак пакуль незразумела, ці будуць гэтыя сувязі дастатковымі, каб утрымаць пры ўладзе апошняга дыктатара Эўропы”.

Гл. таксама:

“New Statesman” назваў Лукашэнку адным з галоўных дыктатараў сьвету
XS
SM
MD
LG