Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэпутаты ня вераць Лукашэнку


Алесь Дашчынскі, Менск У расейскай Дзяржаўнай думе абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Расеі, якія ён зрабіў у апошніх інтэрвію. Як дэпутаты ставяцца да закіданьня Расеі “барбарскіх дзеяньняў” і абвінавачаньні яе ў “імпэрскіх жаданьнях праглынуць Беларусь”?

Незалежны дэпутат Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў лічыць, што крызыс у стасунках Расеі й Беларусі — зьява заканамерная.

"Надышоў крызыс рэжыму Лукашэнкі"

Рыжкоў: “Надышоў заканамерны крызыс рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён стаў непрымальным партнэрам і для Расеі, і для Захаду, найперш для Эўразьвязу. Для Расеі ён непрымальны партнэр, бо вялізнае фундаваньне эканомікі, якое ажыцьцяўляе Расея цягам дзесяці гадоў за эфэмэрныя абяцаньні саюзу, мусіла некалі скончыцца. Сёньня стала ясна, што маштабнае фундаваньне беларускага рэжыму нікуды не вядзе. Цярпеньне Расеі скончылася”.

Намесьнік старшыні Дзярждумы Сяргей Бабурын (фракцыя “Родина”) сказаў:

Бабурын: “Я ўпэўнены, што рэзкасьць выступаў Лукашэнкі адносна расейскіх крокаў апошняга часу — гэта яго эмацыйная рэакцыя на тупіковасьць сытуацыі з далейшым разьвіцьцём саюзнай краіны”.

"Наўрад ці што можна зрабіць у садружнасьці з гэтым чалавекам"

Сябра камітэту ў міжнародных справах (фракцыя “Единая Россия”) Андрэй Клімаў заявіў, што ідэя саюзнай краіны пры Лукашэнку “дайшла да свайго апагею: наўрад ці што можна зрабіць у садружнасьці з гэтым чалавекам”. Паводле дэпутата Клімава, афіцыйны Менск спрабуе цяпер стаць паміж Расеяй і Захадам.

Клімаў: “Лукашэнка пачаў такую простую лабавую гульню: ах, калі Расея мяне ня хоча фундаваць, як раней, дык я ёй пакажу. Мне Захад цяпер дапаможа вырашыць мае праблемы, абароніць ад Расеі. І ўсё гэта нагадвае такі танны шантаж капрызнага дзіцяці. Калі Захад цяпер заляцаецца да Лукашэнкі... Гэта не ўпрыгожвае людзей, якія гэта робяць. А ў пэрспэктыве гэта ні да якога пазытыву не прывядзе”.

Паводле Ўладзімера Рыжкова, спробы Аляксандра Лукашэнкі пераарыентавацца на Захад — ня шчырыя.

Рыжкоў: “А па-другое, яны беспэрспэктыўныя. Эўразьвяз ніколі ня будзе мець партнэра ў асобе Лукашэнкі, бо на ягоным сумленьні дыктатура, палітзьняволеныя, зьніклыя, разгоны дэманстрацыяў, масавыя парушэньні правоў чалавека. На яго сумленьні сфальшаваныя рэфэрэндум і выбары. Такі партнэр непрымальны для Эўразьвязу. Ён сам сябе загнаў у кут. Яму няма дарогі ні на Ўсход, ні на Захад”.
XS
SM
MD
LG