Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У паліклініках дзеля ашчаджэньня электраэнэргіі адключаюць ліфты і сьвятло


Ігар Карней, Менск Рэжым ашчаджэньня электраэнэргіі распаўсюдзіўся на многія бюджэтныя арганізацыі, у тым ліку на мэдычныя ўстановы. У шэрагу паліклінікаў Менску на некалькі гадзінаў штодня адключаюць электрычнасьць; у бальшыні не працуюць ліфты.

У Камітэце аховы здароўя Менгарвыканкаму не пацьвярджаюць, што існуе адмысловае распараджэньне гарадзкіх уладаў на ашчаджэньне электраэнэргіі мэдычнымі ўстановамі.

Супрацоўніца камітэту: “Наконт такой разнарадкі я ня ў курсе. Ці, можа, проста ня ведаю. Да таго ж, і намесьніка старшыні камітэту, які гэтую галіну курыруе, таксама пакуль на месцы ня будзе”.

Між тым, супрацоўнікі шэрагу паліклінікаў расказваюць, што мусяць штодня па абедзе адключаць на дзьве гадзіны электрычнасьць. У некаторых мэдычных установах рэжым эканоміі не такі радыкальны й тычыцца толькі працы ліфтоў — іх таксама альбо спыняюць, альбо запускаюць па чарзе, калі кабінаў некалькі.

Наведнікі паліклінікаў не хаваюць абурэньня тым, што даводзіцца падымацца пешкі. Сярод кліентаў нямала траўмаваных ды скалечаных людзей, якія вымушаныя на мыліцах караскацца па лесьвічных пралётах.

Хворы: “Большага маразму нават прыдумаць цяжка. Інвалідаў прымушаюць скакаць, як казлоў нейкіх. Я ўжо тры разы адскакаў зь пятага на сёмы паверх — адразу на рэнтген, пасьля па здымак, пасьля ў кабінэты. Ледзьве залез на гэты сёмы паверх. Чаму ў такім разе нельга зрабіць кабінэты траўматалёгіі і рэнтгену на першым паверсе?”

Зь цяжкасьцямі сутыкаюцца і паліклінікі, якія фінансуюцца не Міністэрствам аховы здароўя, а іншымі галіновымі ведамствамі. Прыкладам, у ведамаснай паліклініцы менскага заводу “Гарызонт” рэжым эканоміі электрычнасьці наўпрост прывязаны да рэаліяў, у якіх існуе прадпрыемства. Гаворыць намесьніца галоўнага лекара паліклінікі Аліна Ажгірэй:

Ажгірэй: “Мы фінансуемся коштам заводу “Гарызонт”, таму падпарадкоўваемся Міністэрству прамысловасьці. Але мы таксама на ўсім эканомім. Вы прабачце, але ў нас раніцай тэмпэратура, мякка кажучы, пакідае жадаць значна большага. Не сказаць, што як на вуліцы, але й ня так, як у гарадзкіх дамах. Таму што сам завод на ўсім эканоміць. На выходныя ўсё спыняецца, закручваецца. Адпаведна, і мы эканомім, таму што гэта грошы заводу”.

У кулюарах мэдыкі кажуць, што дзеля захаваньня рэжыму экономіі ў тых жа паліклініках прызначаюць нават “адказных за сьвятло”. У адной з паліклінікаў мікрараёну Серабранка кожныя паўгадзіны тэхнічны супрацоўнік абыходзіць паверхі й правярае, каб удзень нідзе не гарэлі лямпачкі, а работнікі лішні раз не ўключалі чайнікаў ды іншых электрапрыладаў.
XS
SM
MD
LG