Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа Кангрэс дэмакратычных сілаў разьвязаць праблемы апазыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: старшыня Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Анатоль Лябедзька і сябра палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Віктар Карняенка.

Валер Карбалевіч: “Большасьць журналістаў, экспэртаў, дый саміх апазыцыйных палітыкаў лічаць, што апазыцыйныя сілы знаходзяцца цяпер у крызіснай сытуацыі. Гэта найбольш выяўляецца ў адсутнасьці адзінства. Аб’яднаная кааліцыя існуе фармальна. Партыі ды іншыя суб’екты кааліцыі маюць розныя падыходы да актуальных пытаньняў грамадзка-палітычнага жыцьця: мясцовыя выбары, беларуска-расейскі канфлікт, правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў (КДС). І галоўнае, няма адзінства ў дзеяньнях, што пацьвердзілі мясцовыя выбары. У чым прычына такога стану апазыцыі?”

Анатоль Лябедзька: “Можна сказаць, што шклянка напалову пустая. А можна сказаць, што яна напалову поўная. Зразумела, адзінства цяпер не такое, як падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Але яно ня меншае, чым было напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер ідзе дыскусія. Я не лічу, што яна заўсёды спадарожнік крызісу. Адзінае, што дыскусія крыху зацягнулася.

Што тычыцца мясцовых выбараў, то на паперы ўсё было ўзгоднена, было поўнае адзінства. Але яго не атрымалася ў дзеяньнях. І гэта залежыць ад палітычнай волі суб’ектаў кааліцыі”.

Віктар Карняенка: “Я лічу, што крызіс ёсьць, і ён глыбокі, хоць і не фатальны. Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі мэты розных суб’ектаў кааліцыі зьмяніліся. Адны суб’екты працягвалі працу на той каштоўнаснай базе, якая была вызначаная апошнім Кангрэсам дэмакратычных сілаў, а іншыя асноўныя высілкі накіравалі на тое, каб зьвесьці да мінімуму палітычную ролю Мілінкевіча.

Сапраўды, падчас мясцовых выбараў не атрымалася адзінай кампаніі. Не было адзінай стратэгіі, тактыкі, мэсыджа. І ў гэтай сытуацыі людзі з каманды Мілінкевіча вымушаныя былі выкарыстоўваць адзіны наяўны рэсурс — імідж і рэйтынг самога Мілінкевіча”.

Карбалевіч: “Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў прыняла рашэньне правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў 17—18 сакавіка. У чым ягоная функцыя, задача? Ці зможа ён вырашыць праблемы, якія стаяць перад апазыцыяй? Ці ёсьць згода наконт задачаў кангрэсу?”

Лябедзька: “КДС патрэбны, каб прад’явіць грамадзтву каштоўнасную альтэрнатыву ў выглядзе “Малой канстытуцыі”, разьлічанай на пераходны этап ад аўтарытарызму да дэмакратыі, — плятформу, якая прапануе адказы на пытаньні, што хвалююць людзей, найперш сацыяльна-эканамічнага зьместу, каб потым пайсьці зь ёй да людзей.

Трэба, каб восеньню 2008 году падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў людзі ня толькі падпісаліся пад гэтай плятформай, прагаласавалі за яе, але і выйшлі абараняць на вуліцу. Бо выбарчыя мэханізмы ў нас не працуюць.

Другая задача КДС — рэфармаваць кіроўныя структуры кааліцыі, каб зрабіць іх больш эфэктыўнымі. І вырашэньне гэтых задачаў будзе крытэрам адзінства кааліцыі. Пляцоўка КДС зьяўляецца самым легітымным форумам”.

Карбалевіч: “Ваша разуменьне задачаў, спадар Лябедзька, ці падзяляюць іншыя суб’екты кааліцыі?”

Лябедзька: “Я ўжо баюся гаварыць закончанымі фразамі. Таму што досьвед нашай супрацы апошні час дэманструе наступнае. На словах, падчас галасаваньня — усе за. Але калі даходзіць да справы, то ўзьнікаюць праблемы.

Вось цяпер усе за кангрэс, за выпрацоўку альтэрнатывы, за рэфармаваньне палітычнай рады. Што атрымаецца, даведаемся празь месяц”.

Карняенка: “Я зьяўляўся прыхільнікам КДС, лічу, што ён мог вырашыць тыя праблемы, пра якія мы гаварылі раней. Але, як паказала практыка, аб’яднаць палітычна розныя сілы можа дамоўленасьць аб працэдуры.

Калі ж мы пачынаем аб’ядноўваць марксізм-ленінізм, лібэралізм і іншыя ідэалёгіі ў адной эканамічнай праграме, то звычайна гэта не дае плёну. Як вынік, атрымліваецца ці абракадабра, ці прыгожы дакумэнт, які не стварае кантрасту з палітыкай Лукашэнкі.

Таму сумнеўна, што на КДС можа быць прынятыя адзіная стратэгія, плян. Сёньня кожны з суб’ектаў кааліцыі разумее кангрэс па-рознаму. Адным ён патрэбен, каб бараніць незалежнасьць. Другіі — каб прыняць “Малую канстытуцыю”. Трэцім — выпрацаваць стратэгічную альтэрнатыву. Для чацьвертых — зьнізіць статус Мілінкевіча і зацьвердзіць ратацыйны прынцып кіраваньня кааліцыяй.

Як вынік, зацьверджаная дата КДС, але дасюль не падрыхтаваны і ня ўзгоднены ніводны дакумэнт. Ёсьць шмат тэхнічных пытаньняў. Дзе адбудзецца кангрэс (пакуль улады не даюць дазволу на яго правядзеньне)? Дзе ўзяць сродкі?”

Карбалевіч: “Тут ужо пачалася гаворка пра Мілінкевіча, праблему лідэрства. Ці будзе на КДС абмяркоўвацца пытаньне пра лідэра апазыцыйных сілаў? Увогуле, ці патрэбны такі лідэр цяпер? Калі так, то як яго вызначыць? Зноў выбіраць на кангрэсе?”

Лябедзька: “Такога пункту на парадку дня КДС няма. Палітычная рада прыняла рашэньне пра ратацыйны прынцып кіраваньня кааліцыяй, як у Эўразьвязе.

Было б добра, каб быў лідэр, які б прызнаваўся дэмакратычнай грамадзкасьцю. Але пакуль ёсьць толькі кандыдаты ў лідэры. Таму трэба выкарыстоўваць іхны патэнцыял і стварыць мажлівасьць, каб зь іх вырас сапраўдны лідэр. Ён можа зьявіцца празь дзеяньні. Аб’яднаная грамадзянская партыя гатовая падставіць плячо лідэру. І яна гэта зрабіла падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Але калі яго няма, то няма каму падстаўляць. Лідэр мог зьявіцца 19 сакавіка, але гэта ня здарылася.

Вельмі пазытыўна, што ні Мілінкевіч, ні Казулін не сышлі з палітыкі, як гэта адбылося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. У іх укладалі свае сілы і надзеі тысячы людзей. І яны павінны гэта адпрацоўваць.

Мы за тое, каб апазыцыя прапанавала не асабістую, а каштоўнасную альтэрнатыву. У гэтым таксама ёсьць пэўныя перавагі. Ня выключана, што праз паўгоду-год лідэр зьявіцца.

Хоць сп. Карняенка скептычна ставіцца да магчымага зьяўленьня сумеснай плятформы розных палітычных сілаў, але ў нас ёсьць досьвед папярэдняга КДС, дзе такі дакумэнт быў прыняты. Хто, напрыклад, супраць дэмакратыі, панаваньня закону? А пры наяўнасьці і добрай альтэрнатывы, і лідэра — гэта шлях да перамогі”.

Карняенка: “Тут ёсьць два бакі гэтай праблемы. Па-першае, гэта статус Мілінкевіча. Па-другое, ці патрэбны ўвогуле лідэр. Згодны з тэзай, што лідэра не абіраюць. Таксама згодны з тым, што на апошнім КДС абіралі ня лідэра, а адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў.

Але пасьля КДС прайшло шмат часу, зроблена шмат працы, у якой удзельнічалі тысячы людзей. За Мілінкевіча прагаласавалі мільёны. Таму лідэр прызнаны ня толькі лідэрамі кааліцыі, але і грамадзкасьцю. І ў такой сытуацыі ня клопат палітычнай рады падымаць гэтае пытаньне. Бо больш вядомага дэмакратычнага палітыка з вышэйшым рэйтынгам, чым у Мілінкевіча, у краіне няма.

Браць за аснову мадэль кіраваньня Эўразьвязу, пераносіць яе на апазыцыйную кааліцыю — няправільна. Бо Эўразьвяз не вырашае праблемы барацьбы з дыктатурай. Калі мы зьбіраемся працаваць ад выбараў да выбараў, чакаць 2011 году, то, напэўна, лідэр і не патрэбны. Але я лічу, што нам нельга чакаць 2011 ці 2008 году. Трэба працаваць сёньня.

КДС мусіць вырашыць пытаньне аб лідэру. Калі ж апазыцыйная кааліцыя хоча выбраць толькі сьпікера для вядзеньня паседжаньняў, то трэба прызнаць, што сёньня кааліцыі няма, а ёсьць толькі круглы стол, дзе людзі проста зьбіраюцца для абмеркаваньня сумесных пытаньняў. А агульнай дзейнасьці няма”.

Карбалевіч: “Такім чынам, у новых эканамічных і геапалітычных умовах, у якіх апынулася Беларусь, аб’ектыўна да апазыцыі выстаўляюцца іншыя, больш высокія патрабаваньні. Пакуль няма падставаў лічыць, што апазыцыйныя сілы ім адпавядаюць. Сярод іх няма адзінства, няма агульнапрызнанага лідэра, няма эфэктыўнага мэханізму прыняцьця рашэньняў. Таму так моцна спадзяемся на плянаваны КДС”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG