Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што хацеў давесьці Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву Ройтэрз?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч і палітоляг Алесь Лагвінец.

Валер Карбалевіч: “Пачасьціліся інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі замежным мэдыям: нямецкай газэце “Die Welt”, расейскай газэце “Завтра”, і вось учора — агенцтву Ройтэрз.

Пасланьне Лукашэнкі арыентаванае на Захад. Ён прызнае, што апошнія гады палітыка Беларусі была аднабаковая, на Ўсход, а цяпер яна гатовая нармалізаваць дачыненьні з Захадам. Але Лукашэнка прапаноўвае супрацоўніцтва бязь зьмены палітычнай сыстэмы Беларусі. Чым можа зацікавіць Менск Эўразьвяз? Што ён хоча прадаць такое, каб зацікавіць Захад? Геаграфічнае становішча, транзыт ці што яшчэ?”

Віктар Марціновіч: “Кіраўніцтва дзяржавы зыходзіць з таго, што цяпер Захад зацікаўлены ў дыялёгу з нашай краінай больш, чым сама Беларусь. Бо пасьля апошняй нафтавай вайны Эўропа зразумела стратэгічную важнасьць Беларусі ў транзыце энэргарэсурсаў. І яны думаюць, што, па-першае, Эўразьвяз хоча забясьпечыць транзыт, па-другое, Захад цікавіць беларускі рынак. Таму афіцыйны Менск лічыць, што склалася спрыяльная сытуацыя для супрацоўніцтва з Захадам, нягледзячы на мінулыя патрабаваньні заходніх краінаў наконт дэмакратыі ў Беларусі.

І здаецца, што гэтыя спадзяваньні небеспадстаўныя. Галоўнай прыкметай новага стаўленьня Эўропы да Беларусі стаў візыт у Менск старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы спадара ван дэр Ліндэна. У канцы мінулага году ЭЗ вылучыў патрабаваньні дзеля дэмакратызацыі Беларусі, без выкананьня якіх дыялёг немагчымы. Патрабаваньні ня выкананыя, але візыт ван дэр Ліндэна адбыўся”.

Алесь Лагвінец: “Сытуацыя ў Беларусі й вакол яе мяняецца. І Лукашэнка імкнецца, нічога не мяняючы ўнутры Беларусі, нармалізаваць дачыненьні з Захадам. І адначасова паказаць насельніцтву Беларусі, хто зьяўляецца яго ратавальнікам, можа гарантаваць ім хлеб і сала.

Лукашэнку трэба нешта рабіць. Бо, нягледзячы на інфармацыйную блякаду, нельга схаваць ад беларусаў горкай праўды пра тое, што краіна знаходзіцца ў самаізаляцыі, рэжым вычарпаў свае рэсурсы, цяпер давядзецца гуляць паводле больш-менш празрыстых правілаў.

Таму Лукашэнка хоча давесьці, што ізаляцыі больш няма. Мне асабліва спадабалася рэпліка, што “мы абавязкова вырулім на тыя цывілізаваныя рэйкі, якія ўласьцівыя ўсяму сьвету”. І гэта сказаў чалавек, які калісьці сьцьвярджаў: “я сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павяду”.

Карбалевіч: “Шмат увагі надаў Лукашэнка ў сваім інтэрвію дачыненьням з Расеяй. З аднаго боку, ён закідае Расеі зламысныя намеры, называе дзеяньні Крамля барбарскімі, імпэрыялістычнымі. А зь іншага боку, выказвае гатоўнасьць зноў працягваць інтэграцыю з Расеяй, будаваць саюзную дзяржаву. Якая тут лёгіка? Чаго імкнецца дасягнуць Лукашэнка?”

Марціновіч: “Думаю, ён імкнецца да таго, да чаго імкнуўся ўсе мінулыя дванаццаць гадоў. Адзінае, што яго цікавіць, — танныя энэрганосьбіты. А саюзная дзяржава, Канстытуцыйны акт і іншае яго не цікавяць.

Дарэчы, гэтыя інтэрвію заходнім мэдыям адначасова скіраваныя і на Крэмль. Яму Лукашэнка хоча давесьці, што Расея траціць апошняга хаўрусьніка”.

Лагвінец: “Сапраўды, мэсыдж Маскве вельмі супярэчлівы. То Лукашэнка пужае Расею фантомам НАТО, калі Беларусь павернецца да Захаду. То кажа, што беларусы і расейцы зьяўляюцца практычна адным народам.

Трэба адзначыць, што інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі агенцтву Ройтэрз, у параўнаньні з інтэрвію нямецкай газэце “Die Welt”, больш скіраванае да Расеі”.

Карбалевіч: “Ці можна чакаць зьменаў ва ўнутранай палітыцы Беларусі ў зьвязку з новай міжнароднай сытуацыяй? Лукашэнка, як звычайна, казаў у інтэрвію, што апазыцыя — гэта купка “адшчапенцаў”, што ў краіне свабодна прадаюцца апазыцыйныя газэты. Але былі намёкі на магчымасьць прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў з удзелам заходніх кампаніяў”.

Марціновіч: “Зьмены будуць не ў палітыцы Лукашэнкі адносна апазыцыі ці грамадзянскай супольнасьці, а ў дзейнасьці самой апазыцыі. Для мяне вельмі сымптаматычнымі былі заява Зьмітра Бандарэнкі і адкрыты ліст Мілінкевіча да Лукашэнкі з прапановамі аб кансалідацыі. Апазыцыя цяпер робіць усё, каб Эўропе было камфортна супрацоўнічаць з Лукашэнкам”.

Лагвінец: “Ліст Мілінкевіча я лічу правільным крокам. У ім адзначана, што першай перадумовай любога дыялёгу павінна быць спыненьне палітычнага ціску на апазыцыю і вызваленьне палітычных вязьняў. Але ў мяне ёсьць вялікі пэсымізм адносна палітыкі ўладаў. Яны не разумеюць, што такое дыялёг. А гэты дыялёг павінен быць найперш унутры краіны”.

Карбалевіч: “Апошнім часам заявы й дзеяньні Лукашэнкі моцна актывізаваліся. Ён імкнецца балянсаваць паміж Расеяй і Захадам. Але ствараецца адчуваньне нейкай мітусьні, імпульсіўных крокаў, якія нагадваюць піяр і блеф. А вам як падаецца?”

Марціновіч: “Складана тут казаць пра нейкі балянс, бо збалянсаванай замежнай палітыкі ў нас не было ніколі. Дасюль філязофія замежнай палітыкі будаваліся на ідэі братэрства з Расеяй. І гэта выключала наяўнасьць яшчэ аднаго вэктара.

Цяпер Лукашэнка спрабуе разьвярнуць нашу замежную палітыку на Захад. А Расею вінаваціць у ненадзейнасьці, у тым, што размаўляць зь ёй даводзіцца зь вяроўкай на шыі. Калі б гаворка ішла пра балянсаваньне, то рыторыка павінна быць іншай.

Праблема ў тым, што замежная палітыка будуецца не на дакладным разьліку нацыянальных інтарэсаў, а на міталягемах кшталту “братэрства”. Цяпер Лукашэнка прапануе гэтую ідэю Захаду. Але там гэта не праходзіць. Там трэба выконваць пэўныя ўмовы”.

Лагвінец: “Спробы павярнуцца як на Захад, так і на Ўсход выглядаюць няўклюднымі, катэгарычнымі й нават гістэрычнымі. Форма, у якой робяцца прапановы, не пакідае магчымасьці для дыялёгу”.

Карбалевіч: “Такім чынам, у новай сытуацыі з пачаткам пераходу да рынкавых цэнаў на энэргарэсурсы Лукашэнка спрабуе перайсьці да новай палітыкі балянсаваньня паміж Расеяй і Захадам. Але моцнай перашкодай на гэтым шляху зьяўляецца адмова ад дэмакратызацыі грамадзка-палітычнага жыцьця ўнутры Беларусі”.
XS
SM
MD
LG