Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Вардамацкая: “Я вельмі спужалася”


Ганна Соўсь, Менск Бацька Андрэя Вардамацкага Пётар Вардамацкі сёньня падаў заяву ў Першамайскі РУУС наконт тэлефонных пагрозаў. Па гэтым факце цяпер ладзіцца праверка. Сёньня зраніцы пра інцыдэнт Радыё Свабода расказала Алена Вардамацкая, маці вядомага сацыёляга. Учора ўвечары ў іхную кватэру двойчы патэлефанавалі невядомыя. Першы раз а 8 гадзіне прагучэў голас з акцэнтам, мужчына гаварыў нешта неразборлівае. Другім разам гэты ж самы голас, але ўжо без акцэнту, на расейскай мове пачаў пагражаць.

Алена Вардамацкая: “Быў нізкі тэмбар, можа, быць нават чалавек быў і нецьвярозы. Ён заявіў: “Раніцай Вы будзеце зьнішчаныя”. Я вельмі спужалася. А ён ізноў паўтарыў гэтыя ж фразы і паклаў слухаўку”.

Алене Вардамацкай 80 гадоў, яна інвалід другой групы. Учора пасьля тэлефонных пагрозаў ёй было блага. Яе муж Пётра Ягоравіч адразу ж патэлефанаваў у міліцыю й паведаміў пра пагрозы. Зь ім скантактаваўся ўчастковы.

Пётар Вардамацкі: “Вось ужо раніца, і з намі пакуль нічога не здарылася”.

Бацькі кіраўніка сацыялягічнай лябараторыі “Новак” ня ведаюць, зь якой прычыны маглі зьявіцца гэтыя пагрозы, аднак не выключаюць, што яны могуць быць зьвязаныя з прафэсійнай дзейнасьцю сына.

У інтэрвію агенцтву БелаПАН Андрэй Вардамацкі выказаў спадзяваньне, што гаворка ідзе ўсё ж пра псыхалягічны ціск, а не рэальную фізычную расправу.

Даклад, прадстаўлены ўчора кіраўніком лябараторыі “Новак” Андрэем Вардамацкім у Брусэлі, быў прысьвечаны розным аспэктам стаўленьня жыхароў Беларусі да Эўрапейскага Зьвязу. У паасобку, там падаваліся вынікі сацыялягічнага апытаньня, згодна зь якімі 19,3 адсотка беларусаў ведаюць пра новую стратэгію Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.
XS
SM
MD
LG