Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Дранчук:“Я здымаў Амэрыку, але я бачыў Беларусь”


Валянціна Аксак, Менск У выставачнай залі Чырвонага касьцёлу ўчора ўвечары адчынілася экспазыцыя фотаздымкаў эколяга Валеры Дранчука, прысьвечаная дзяржаўнай сыстэме аховы прыроды ЗША. Яна мае назоў “Мае кантрапункты”.

У экспазыцыі блізу сотні здымкаў, зь якіх глядзіць дзікая краса амэрыканскае прыроды і яе ахоўнікі — прафэсійныя й валянтэры. Спадар Дранчук прызнаўся, што патрапіў у нацыянальныя запаведныя мясьціны Паўночнай Амэрыкі амаль што выпадкова, але там зразумеў, што ўбачанае – гэта якраз тое, чаго не хапае ў Беларусі дзеля захаваньня красы роднае прыроды. І захацеў распавесьці суайчыньнікам, як трэба ставіцца да дадзенага Богам багацьця.

Дранчук: “Я здымаў Амэрыку, але я бачыў Беларусь. Я бачыў свае праблемы, бачыў свае балячкі і разумеў, што гэта абсалютнае пападаньне ў нашу праблему. У праблему таго, што мы ня ўмеем паказваць прыроду. Ня ўмеем паказваць, то ня ўмеем захоўваць. Я раблю акцэнт на гэтым. Рэч у тым, што калі паказваць, адкрываць яе вобразы і першавобразы, тады і несьці адказнасьць усім разам: і тым, хто глядзіць, і тым, хто паказвае. У нас, на вялікі жаль, не паказваюць і не глядзяць, таму што ў нас няма індустрыі паказу”.

У нас жа замест індустрыі паказу, лічыць эколяг, квітнее індустрыя зьнішчэньня прыроды. Таму й немажліва турыстам і нават навукоўцам трапіць у заказьнікі й нацыянальныя паркі, бо зьнішчэньне прыродных багацьцяў не паказваецца.

У ЗША, кажа Валеры Дранчук, ён знайшоў ідэальны ўзор стаўленьня чалавека да прыроды.

Дранчук: “Там ідзе канкрэтная работа і па захаваньні рэзэрвату, і па выхаваньні, таму што там у кожным рэзэрваце ёсьць падрыхтаваны пэдагог, які працуе са школьнікамі. Там вельмі канкрэтная работа, тая работа, якой няма, на вялікі жаль, у нас”.

На адкрыцьці выставы прысутнічала амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG