Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Рар: “Лукашэнку больш нічога не застаецца, як грукацца ў дзьверы Захаду”


Паводле БелаПАН "Лукашэнка насамрэч не імкнецца на Захад, а хоча яшчэ раз дамовіцца з Расеяй. А яго празаходнія рэвэрансы, хутчэй, трэба разглядаць як апошні пагражальны сыгнал Маскве" – такое меркаваньне ў інтэрвію "Российской газете" 9 лютага выказаў экспэрт Нямецкай рады ў вонкавай палітыцы Аляксандар Рар.

"Ён хоча давесьці, што ў яго й ягонай краіны ёсьць альтэрнатыва, а менавіта празаходняя арыентацыя, якую ён выбярэ, калі Расея пакіне падтрымліваць Беларусь", – лічыць палітоляг. На ягоную думку, палітычная філязофія Лукашэнкі вельмі простая: маральны абавязак мацнейшага й багацейшага расейскага народу – утрымліваць малодшага брата, народ Беларусі. Які ў падзяку заўсёды будзе выступаць на баку Расеі ў вялікай палітыцы, падтрымліваць расейскія вонкавапалітычныя ініцыятывы і быць фарпостам Расеі ў выпадку яе канфлікту з Захадам.

"Лукашэнка таксама ўпэўнены, – вылучае вэрсію палітоляг, – што "малодшы" народ Беларусі, які ніколі адкрыта не выступаў супраць Расеі, мае гістарычныя сувязі з расейцамі й пацярпеў у часе Другой усясьветнай вайны, заслугоўвае, каб Расея разглядала Беларусь як частку сваёй эканомікі й не падвышала цэны на свае тавары, у тым ліку энэрганосьбіты".

"Гэты пункт гледжаньня можа падацца дзіўным. Але яго прытрымліваюцца многія прадстаўнікі эліт Беларусі. Лукашэнка пакрыўджаны на расейскія ўлады, лічыць, што яны здрадзілі маральным уяўленьням, якія яму здаваліся гістарычна апраўданымі", – сказаў спадар Рар.

Паводле ягоных словаў, стаўленьне да апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе дваякае. "Многія экспэрты лічаць, што ён загнаны ў пастку. Расея, якая надалей будзе будаваць з усімі краінамі СНД рынкавыя адносіны, пакіне яго ў нейкай ступені падтрымліваць. Таму Лукашэнку больш нічога не застаецца рабіць, як грукацца ў дзьверы Захаду, каб адтуль атрымліваць дапамогу. Тыя ж аналітыкі падкрэсліваюць, што першым крокам Лукашэнкі, каб яго прынялі на Захадзе, павінна быць адкрыцьцё эканомікі для заходніх інвэстараў. Гэта выкліча пэўны давер да яго празаходняй арыентацыі", – заявіў Аляксандар Рар.
XS
SM
MD
LG