Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калгасам давядзецца даражэй плаціць за азотныя угнаеньні


Сяргей Астраўцоў, Горадня Цэны на азотныя угнаеньні ў Беларусі павялічаныя адразу на 35 адсоткаў. Канцэрн “Белнафтахім” пайшоў на такі крок, каб падтрымаць “Гродна Азот” – асноўнага вытворцу гэтай прадукцыі. Гарадзенскае прадпрыемства – буйны спажывец газу, які выкарыстоўваецца ў якасьці сыравіны. Падвышэньне цаны на газ зрабіла нерэнтабэльнай вытворчасьць азотных угнаеньняў, а досыць значнае падвышэньне іх цэнаў стала непрыемнай навіной для сельгасвытворцаў.

“Дзяржаўнай падтрымкі” ў галіне цэнаў на “Азоце” чакалі больш за месяц. Апроч падвышэньня цаны азотных угнаеньняў, было вызначана, што для іх вытворчасьці прадпрыемству будуць прадаваць газ па 103 даляры за адну тысячу кубамэтраў, а для іншых мэтаў – па 120 даляраў. Пра гэта нашаму радыё паведаміў кіраўнік Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства Сяргей Антусевіч.

Як могуць дзейнічаць калгасы, сутыкнуўшыся з даволі значным падаражэньнем азотных угнаеньняў? Меркаваньне гарадзенскага навукоўца Валянціна Лучка:

Лучко: “Калі для калгасаў будзе на трыццаць-трыццаць пяць адсоткаў павелічэньне цаны, то мінімум траціну яны пастараюцца кампэнсаваць недакупам гэтых угнаеньняў, каб заплаціць менш. Калі не дадаць дзесяць-пятнаццаць працэнтаў угнаеньняў, гэта ня будзе мець вынікам зьніжэньне ўраджайнасьці таксама на гэтую лічбу, а зьменшыцца ўраджайнасьць у Гарадзенскай вобласьці ня больш чым на працэнтаў на пяць-сем. Значыцца, палову зямля кампэнсуе ў першы год”.

Але калі працягваць эканоміць на ўгнаеньнях, ураджайнасьць пачне падаць, зазначае Валянцін Лучко. Вядома, аднак, што ўлады маюць фонды, каб забясьпечваць угнаеньнямі сельгасвытворцаў.

Пра свой досьвед расказвае фэрмэр са Слонімскага раёну Генрых Засімовіч:

Засімовіч: “Пра сябе скажу: летась падпісалі такую дамову з райвыканкамам, што я ў канцы году па выніках ураджаю здаю трыццаць тонаў ячменю, а пад гэты ўраджай вы мне дайце азотных, фосфарных, калійных угнаеньняў. І далі толькі дзьве калію: ён танны. Наконт азоту: зараз-зараз будзе... А трэба ж сеяць, глебу карміць неяк. Яны: ты сей, потым падкорміш! Ну, добра – пасеяў, угнаеньне вось-вось будзе, а потым бух: “У бюджэце ўжо грошай няма”. І сам не купіў за грошы, і зь бюджэту не далі, і ўраджаю вынікі былі дрэнныя”.

Генрых Засімовіч гаворыць, што дэкляруецца аднолькавая падтрымка зь дзяржаўных фондаў і калгасам, і фэрмэрам, аднак у рэчаіснасьці здараецца інакш.

Гарадзенскі навуковец Валянцін Лучко зазначае, што сельгасвытворцы, хай пры канцы году, але мусяць разьлічвацца за ўгнаеньні. Таму цяперашняе павелічэньне цэнаў на азотныя б’е канкрэтна па вяскоўцах:

Лучко: “Гэта нагрузка не на бюджэт, маё меркаваньне, гэта нагрузка на рэальнага працаўніка”.

Валянцін Лучко мяркуе: людзям давядзецца больш працаваць, каб гаспадарка атрымала ранейшы прыбытак, але ім ня будуць аплачваць дадатковых высілкаў: заробкі ня зьменяцца.
XS
SM
MD
LG