Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму растуць цэны ў беларускіх барах і рэстаранах?


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі запатрабаваў не дапусьціць падвышэньня цэнаў у барах, кавярнях і рэстаранах Менску. Гаворачы на калегіі Міністэрства фінансаў аб падвышэньні стаўкі падатку на паслугі пунктаў харчаваньня, Сідорскі загадаў ашчадна выдаткоўваць сродкі, а не абцяжваць насельніцтва. Як растуць цэны ў барах і рэстарацыях Менску і ў чым прычыны гэтага росту?

Паводле Сяргея Сідорскага, трэба мяняць абслугоўваньне, залучаць бізнэс, каб была здаровая канкурэнцыя, бо яна зьніжае цэны на рынку.

Наколькі імкліва растуць цэны на менскім рынку грамадзкага харчаваньня? Гэтае пытаньне я задаў супрацоўніцы менскай кавярні “Адмірал” Алене:

Алена: “У нас цэны вырасьлі не нашмат. Цэны мяняюцца. Нешта робіцца больш танным, нешта даражэйшым. Вось гародніна падаражэла, бо зіма. А гарэлка 1090 рублёў за 50 грамаў: відаць, самая танная”.

І сапраўды, у гэтай кавярні цэны на стравы і напоі, у параўнаньні зь іншымі кавярнямі і барамі, вельмі сьціплыя. Алена гаворыць, што 25 тысячаў рублёў хапае, каб чалавек мог добра выпіць і закусіць.

У суседняй з “Адміралам” кавярні-піцэрыі і па сумяшчальніцтве гульнявым клюбе “Мільён” цэны больш высокія. Так, напрыклад, піца там у сярэднім каштуе 10-13 тысячаў беларускіх рублёў, 50 грамаў гарэлкі – паўтары тысячы, а гарачая мясная страва – 10-13 тысячаў. Нават кошт рэчыцкага піва сягае там больш як трох тысяч рублёў за кухаль.

Я запытаўся ў афіцыянткі, чаму так:

Афіцыянтка: “Цэны ня мы ставім. Якую цану дастаўца нам гаворыць, такую мы і прапаноўваем пакупнікам. Мы нічога зрабіць ня можам. Мы самі цэнаў не малюем. Гэта ўсё натуральна праходзіць праз упраўленьне гандлю, праз выканкам”.

У рэстарацыях больш высокага ўзроўню і цэны адпаведныя. У кавярні “Парк-Авэню” за бутэльку віна наведнік выкладае 40 тысячаў рублёў, а за бутэльку гарэлкі – ад 20 да 40 тысячаў. Адпаведныя цэны й на гарачыя закускі. “Парк-Авэню” адкрылася толькі летам мінулага году, але за гэты час цэны там вырасьлі ў сярэднім на тысячу рублёў.

Чаму так адбываецца, тлумачыць менскі эканаміст Міхал Залескі:

Залескі: “Ёсьць прапанаваньне, і ёсьць попыт. Павялічваецца попыт, можна падвышаць цэны. І яны растуць. У людзей зьяўляюцца грошы, якія яны ня могуць патраціць на іншыя рэчы. Тут можна альбо мяняць структуру прапановы, альбо мяняць даляры і паслугі рэстаранаў. Чалавек ня можа купіць сабе жытла. Ня можа сабе дазволіць новы замежны аўтамабіль ці сучасны кампутар зь ліцэнзаванымі праграмамі. Яму застаецца альбо складаць грошы на кніжку, альбо купляць валюту, альбо прапіваць. А калі ёсьць вялікі попыт на паслугі рэстаранаў і бараў, яны й павышаюць цэны”.

Міхал Залескі лічыць, што адміністрацыйным чынам уладам ня ўдасца спыніць росту цэнаў у грамадзкім харчаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG