Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паставяць у Полацку помнік Яшу Хейфецу?


Радыё Свабода, Полацак У Полацку створана ініцыятыўная група для ўстанаўленьня там помніка вялікаму музыканту XX стагодзьдзя Яшу Хейфецу, якога па заслугах лічаць адным з самых знакамітых скрыпачоў усіх часоў і народаў.

Яша (сапраўднае імя – Ёсіф) Хейфец нарадзіўся ў 1901 годзе ў Вільні. У восем гадоў паступіў у Пецярбурскую кансэрваторыю, у 12 гадоў ужо даваў канцэрты ў Эўропе; падчас рэвалюцыйных закалотаў выехаў у Амэрыку і памёр там 20 гадоў таму.

Чаму ж помнік Яшу Хейфецу павінен стаць менавіта ў Полацку? Пра тое апавядае дасьледнік творчасьці музыканта, дырэктар Ветрынскай школы мастацтваў Уладзімер Амосаў:

Амосаў: “Бацькі знакамітага музыканта жылі ў Полацку, у Задзьвіньні. Бацька быў палачанін, а маці паходзіла зь мястэчка Баравуха, што непадалёку ад Полацку. Дый нарадзіўся Яша Хейфец у Вільні адразу ж пасьля пераезду туды бацькоў. Полацкі род Хейфецаў даў сьвету вялікага скрыпача, і дзе як ні тут павінен паўстаць помнік. Прычым гэта павінен быць помнік падлетку-музыканту”.

Паводле Ўладзімера Амосава, гэта быў бы і знак павагі дарэшты спляжанай людзьмі і часам багатай габрэйскай культуры.

Амосаў: “На пачатку мінулага стагодзьдзя больш як 60 адсоткаў насельніцтва Полацку складалі габрэі. І мне, праваслаўнаму беларусу і карэннаму палачаніну, вельмі крыўдна, што культура габрэйскага народу практычна зьнікла. Крыўдна таксама, што ўлады не палічылі за патрэбнае даць нават фармальны адказ на прапанову аб усталяваньні помніка”.

Такая прапанова была накіраваная ў Полацкі гарвыканкам і ўпраўленьне культуры Віцебскага аблвыканкаму яшчэ 13 лістапада. Зрэшты, сябры ініцыятыўнай групы вялікіх спадзяваньняў на мясцовыя ўлады не ўскладаюць.

Амосаў: “Думаю, у гэтай справе нас падтрымаюць вядомыя музыканты, а таксама былыя палачане, што жывуць цяпер у ЗША, Ізраілі, Вялікай Брытаніі. Помнік Яшу Хейфецу, безумоўна, падвысіць імідж гораду як культурна-гістарычнага цэнтру”.

Тым часам сёлета ў Полацку мае быць адкрыты яшчэ адзін помнік – князю Ўсяславу. 13 лютага ў Полацкім гарвыканкаме зьбярэцца адмысловая камісія, якая назаве імя скульптара – пераможцы адкрытага конкурсу на найлепшы праект помніка славутаму полацкаму князю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG