Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа інтэрнэту за 8 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага інтэрнэту.

Наведнікаў форумаў парталу як заўсёды цікавяць заявы кіраўніка краіны. Сёньня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на нарадзе, дзе абмяркоўвалі праект Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бясьпекі Беларусі, заявіў, што дэмаграфічныя праблемы ўяўляюць наўпроставую пагрозу ўстойліваму эканамічнаму разьвіцьцю дзяржавы і яе нацыянальным інтарэсам увогуле. Вось што пра гэта думаюць удзельнікі форумаў:

“Ну дык… Электарат бярэ прыклад сямейных каштоўнасьцяў і ладу са свайго лідэра”.

“Якая дэмаграфічная праблема?! Яе няма. Усё ўпіраецца ў эканамічную праблему. Нават калі б сям’і давалі як у Расеі 10 тысячаў (Маецца на ўвазе, 10 тысячаў расейскіх рублёў – РС.) я б не рызыкнуў заводзіць дзяцей яшчэ… Няма чаго галечу пладзіць… Выдаваць сьледзтва за прычыны – асноўнае глупства кіраўніка…”

“Дэмаграфічная праблема не цераз беднасьць, а цераз манернасьць. Усе сілы і сродкі кідаюцца на спадніцы, машыны, ласіны, вандроўкі, кватэры…”

“А калі сур’ёзна, дык даказана, што чым вышэйшыя прыбыткі, тым меншая нараджальнасьць. Шмат плодзяць з разьліку “чым болей зраблю, тым болей выжыве”.

Нехта Pustasloy прыйшоў у ЖЖ-суполку з такой навіной: беларускія кінолягі на базе гадавальні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў будуць ладзіць сэлекцыйныя экспэрымэнты для вывядзеньня новай пароды сабак. “…навукоўцы будуць экспэрымэнтаваць з сэлекцыяй сабак, новымі лекамі, кармамі, вывучаць новыя пароды, – разважае Pustasloy. – Напэўна, гэтыя сабакі будуць асабліва агрэсіўна рэагаваць на “бела-чырвона-белае” спалучэньне колераў і на беларускую мову, нянавісьць да якіх ім прышчэпяць на генэтычным узроўні”.

Блогерка зьмясьціла ў сваім ЖЖ фотаздымак рэклямнай шыльды, якую яна пабачыла ў Менску. Рэкляма выявілася беларускамоўнай ды яшчэ ў вершаванай форме:

“Танна, якасна і хутка Зробім вам рамонт абутку. І няма для нас лягчэй Спраў па вырабу ключэй”.

На форумах парталу абмяркоўваюць праблему: выкладчык у праваслаўнай нядзельнай школе б’е вучняў і зьдзекуецца зь іх, але паўплываць на яго немагчыма, бо выкладчык у сваяцкіх стасунках з высокім чыноўнікам. Чаму праблема замоўчваецца? Чаму яна не вырашаецца? Гэтыя пытаньні задаюць удзельнікі форуму. “Не вырашаецца, бо царква ў нас такая – можна знаходзіць у ёй тое, па што прыйшоў, – камэнтуе Kamilawka. – Каму ўратаваньне – уратаваньне, каму грошы – грошы, каму ўлада – улада. Ніхто нікому не павінен замінаць. І не спадзявайцеся, што ў іншых канфэсіях справа ідзе іншая”.

Адам Глобус на форумах сайту знаёміць літаратараў са сваім новым прыхільнікам. Нехта спадар Лохаў піша крытычна: “Зусім не зразумеў я ідэі Адама Глобуса “Невялікае пра вялікіх”. Нейкія кароткія выказваньні, думкі ці зацемкі на манжэце, як заўгодна, але зусім ня сьмешныя дый не павучальныя. Некаторыя нават патыхаюць блюзьнерствам. У паасобку, выказваньне пра Панну Марыю: “Колькі важыць німб? Цяжка яго насіць?” – меў я магчымасьць спытаць у Панны Марыі. Не спытаў”. Сьмешна? Не. Прыкольна? Таксама не. Можа спадар Адамчык-малодшы хоча намякнуць, што сустракаўся з Паннай Марыяй? Дык апавёў бы падрабязьней, дзе ў яго была такая магчымасьць!”

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG