Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску падаражэлі паслугі кавярняў, бараў і рэстаранаў


Міхал Стэльмак, Менск У сталіцы Беларусі Менску падаражэлі паслугі кавярняў, бараў і рэстаранаў. Гэта выклікана павелічэньнем падаткаў у сувязі з ростам коштаў на энэрганосьбіты. Менскі гарвыканкам павялічыў стаўку падатку ў сфэры грамадзкага харчаваньня з 5 да 10 працэнтаў.

Многія менчукі ўжо заўважылі падаражаньне і незадаволеныя гэтым:

Аляксей: “Мы – студэнты й на сабе адчуваем гэта кожны дзень”.

Віктар: “Цяпер без наступстваў для страўніка можна паесьці недзе за 5 тысяч рублёў і больш. Я сёньня ўзяў катлету, каляровую капусту адвараную, салат і напой. Я аддаў 4 600 рублёў. Я лічу, што гэта дастаткова шмат”.

Маладая пара Галіна й Аляксандр сёньня наведалі рэстаран “Лідо” й таксама заўважылі цэнавыя зьмены:

Аляксандр: “Якасьць тая ж засталася, а цана павысілася. У сувязі з чым – незразумела”.

Спадарыня Галіна – адміністратар кавярні “Містраль”:

Галіна: “Натуральна, кошты павялічваюцца. Падатак на паслугі быў 5 працэнтаў, а стаў 10 працэнтаў. Натуральна, што цэны павялічыліся. Цэнаўтварэньне што ўключае? Усе падаткі. Таму калі падаткі павялічваюцца, то растуць і цэны”.

Цэнавыя зьмены адбыліся і ў кавярні “Эль памідоро”, што месьціцца непадалёк ад чыгуначнага вакзалу. Спадарыня Любоў працуе тут намесьніцай дырэктара:

Любоў: “Хуценька пералічылі, палічылі і працуем далей. З улікам таго, што павысіўся падатак, пералічылі мэню. Адпаведна і кошты павысіліся”.

Карэспандэнт: “У вас шмат наведнікаў?”

Любоў: “Так. Звычайныя рабочыя людзі. Работнікі офісаў, работнікі банку, работнікі суду да нас прыходзяць. То бок у нас недарагія абеды”.

Карэспандэнт: “За колькі ў вас можна паабедаць?”

Любоў: “Да 7-8 тысяч рублёў”.

Спадарыня Аксана – бармэн кавярні “Акмігран”, што на вуліцы Кірава. Пытаюся, ці мела тут месца падаражаньне:

Аксана: “Абсалютна ўсё: сокі, бутэрброды, напоі, віны – усё падаражэла”.

Карэспандэнт: “А на колькі?”

Аксана: “Па-рознаму. На 200 рублёў, на 300, 500, 600 рублёў. Напрыклад, бутэрброд у нас каштуе 1500 рублёў. З вяндлінай. А раней каштаваў 1100. Адразу павысілася на 400 рублёў”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, гэта істотнае павышэньне?”

Аксана: “Губляем людзей. Менш прыходзіць людзей. З-за таго, што ўсё падаражэла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG