Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Лявон Драздоў


Радыё Свабода 6 лютага ў Магілёве на 58-м годзе жыцьця памёр старшыня суполкі Таварыства беларускай мовы вытворчага аб’яднаньня “Хімвалакно” Лявон Драздоў. Учора яго пахавалі на Лаўсанаўскіх могілках.

Лявон Драздоў нарадзіўся 2 ліпеня 1949 году на Кругляншычыне. Па заканчэньні Ўфімскага нафтавага інстытуту вярнуўся ў Магілёў і ад 1973 году працаваў на аб’яднаньні “Хімвалакно” — займаўся пераважна прафсаюзнай дзейнасьцю. У яго засталіся дзьве дарослыя дочкі.

Большую частку працоўнага жыцьця спадар Драздоў аддаў прафсаюзнай працы. У 1981 годзе яго абралі намесьнікам старшыні прафсаюзнай арганізацыі аднаго з цэхаў прадпрыемства. Ад 1986 да 2005 году старшыняваў у прафсаюзным камітэце “Хімвалакна”. У сакавіку 2005 году паводле стану здароўя сышоў з пасады. Ад таго часу загадваў музэем і бібліятэкай прадпрыемства.

На “Хімвалакне” Лявона Драздова ведалі як апантанага барацьбіта за беларускую мову ды культуру. Зь ягонай ініцыятывы год таму ўтварылася суполка ТБМ, ейнымі сябрамі сталі дзесяцёра чалавек. Лявон Драздоў ладзіў на прадпрыемстве сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі. Гаворыць карэспандэнтка заводзкай малатыражкі “Трудовая слава” Галіна Пакроўская:

Пакроўская: “Ён быў у нас зацятым прыхільнікам адраджэньня ўсяго беларускага, таму падтрымліваў мерапрыемствы, якія расказвалі пра беларускую мову і пра беларускую літаратуру. Сюды прыяжджаў Арлоў, і Вольга Іпатава сюды прыяжджала”.

Пра патрыятызм Лявона Драздова кажа і выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, старшыня гарадзкой суполкі Геаграфічнага таварыства Ігар Шаруха:

Шаруха: “Калі ён бачыў, што гэта трэба для грамадзкасьці — ён ішоў, дамагаўся, прабіваў. Ён ішоў і казаў: як жа так, мы ж беларусы, ніхто гэтаму не дапаможа. На беларускай мове заўсёды выступаў і не баяўся насіць значок з “Пагоняй”.

Спадар Драздоў калекцыянаваў беларускія маркі, меў багаты кнігазбор, шмат вандраваў. Апавядае кіраўнік магілёўскага клюбу “Чароўны ўспамін” Васіль Аўраменка:

Аўраменка: “Чалавек ён быў цікавы, такі лагодны, спагадлівы — тыповы беларус. Ён і апавядальнік быў цікавы. Быў ён патрыётам сваіх мясьцінаў. Ён родам сам з Кругляншчыны. Клюб “Чароўны ўспамін” аднойчы арганізоўваў туды ванроўку. Былі на такім цікавым, у нейкім сенсе ўнікальным возеры. Сьвятое возера, гэта непадалёк ад ягонай роднай вёскі”.
XS
SM
MD
LG