Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін просіць пракуратуру завесьці справу пра фальсыфікацыю выбараў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін накіраваў генэральнаму пракурору заяву з просьбай завесьці крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі. Вязень віцебскай калёніі мяркуе, што гэтак трэба адрэагаваць на прызнаньне Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаваныя.

8 лютага Аляксандар Казулін даслаў заяву генэральнаму пракурору Беларусі Пятру Міклашэвічу. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” адвакат Ігар Рынкевіч, які сёньня сустракаўся з палітыкам у віцебскай калёніі. Паводле Рынкевіча, былы кандыдат на прэзыдэнта просіць завесьці крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку.

Апазыцыянэр падазрае кіраўніка дзяржавы ў фальшаваньні выбараў і спасылаецца на прызнаньні, якія ў лістападзе зрабіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад украінскімі журналістамі. Нагадаю, Аляксандар Лукашэнка сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску: “Апошнія выбары мы сфальсыфікавалі... За Лукашэнку прагаласавала 93,5 працэнта. Кажуць, гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэтак сапраўды было”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.



Адвакат Ігар Рынкевіч мяркуе, што гэтых словаў дастаткова, каб на іх зьвярнула ўвагу пракуратура.

Рынкевіч: “Гэта публічнае прызнаньне ў злачынстве. Як найменш, трэба было праводзіць праверку, а потым пісаць адмову ў завядзеньні крымінальнай справы альбо заводзіць крымінальную справу ды перадаваць справу сьледчым. Тут іншых варыянтаў няма”.

Нагадаю, раней з аналягічнымі заявамі ў Вярхоўны суд зьвярталіся старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, якія таксама прасілі адрэагаваць на словы Аляксандра Лукашэнкі адносна фальсыфікацыі выбараў. Аднак Вярхоўны суд адмовіўся заводзіць крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку.

Адвакат Ігар Рынкевіч паведаміў, што паводле зьвестак, якімі валодае ягоны падабаронны, падобныя прызнаньні ў фальсыфікацыі выбараў Аляксандар Лукашэнка нібыта рабіў падчас некаторых сустрэчаў з замежнымі дыпляматамі — у прыватнасьці, у 2006 годзе на Кубе.

Ігар Рынкевіч таксама перадаў ад Аляксандра Казуліна словы падтрымкі актывістам “Маладога фронту”, якіх перасьледуюць улады. Паводле Казуліна, гэты перасьлед сьведчыць пра тое, што “беларускі рэжым насамрэч ня пойдзе на дыялёг з Эўразьвязам”.

Казулін перадаў віншаваньні сваякам і ўсім закаханым з нагоды хуткага дня сьвятога Валянціна і вітаў моладзь, якая рыхтуецца да правядзеньня традыцыйных вулічных акцыяў 14 лютага, сказаў адвакат.

Што да адчуваньня Аляксандра Казуліна, яно паляпшаецца, мяркуе Ігар Рынкевіч.

Рынкевіч: “З поціску рукі я зразумеў, што ён ідзе на папраўку, але відаць, што яшчэ сьпіна баліць”.

Яшчэ да 15 лютага Аляксандар Казулін будзе трымацца пасьцельнага рэжыму, паведаміў адвакат Ігар Рынкевіч. Аляксандра Казуліна ўжо амаль адзінаццаць месяцаў трымаюць за кратамі паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Пры канцы 2006 году палітык трымаў 53-дзённую галадоўку пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG