Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Віктар Сташчанюк


Валянціна Аксак, Менск 7 лютага ад сардэчнага прыступу раптоўна памёр мастак-графік сябра творчае суполкі “Пагоня” Віктар Сташчанюк. Яму ішоў 74-ты год.

Віктар Сташчанюк нарадзіўся 1 красавіка 1933 году ў вёсцы Сёгда на Наваградчыне. Скончыў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Менскі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у станкавай і кніжнай графіцы, шмат часу аддаваў вывучэньню першапачатковага выгляду помнікаў гісторыі й архітэктуры Беларусі, рабіў іх графічныя рэканструкцыі. Шмат якія паштовыя маркі, на якіх зьмешчаныя выявы культурных каштоўнасьцяў Беларусі, намаляваў Віктар Сташчанюк. Ён удзельнічаў ва ўсіх выставах і творчых акцыях, якія ладзіла мастакоўская суполка “Пагоня”.

Слова разьвітаньня зь Віктарам Сташчанюком гаворыць мастак Аляксей Марачкін.

Марачкін: “Гэта ўнікальны мастак, чалавек з паэтычным дарам. Для нас і для ўсяе нашае культуры гэта вялікая страта. У маёй майстэрні, калі ўжо разагналі фактычна Дом літаратара, вісіць высока, можна сказаць, пад небам, ягоная “Пагоня”, якая была ў Доме літаратара. Так што памяць пра яго будзе жыць, і я ўпэўнены, што ён заўсёды будзе з намі”.

Рэпрадукцыямі Віктара Сташчанюка аздобленыя многія кнігі гістарычнае тэматыкі. Гаворыць пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

Арлоў: “Віктар, магчыма, як ніхто з нашых мастакоў, ведаў беларускую гісторыю, якая была галоўнаю тэмаю ягонай творчасьці. Я ўдзячны лёсу за тое, што ён даў мне магчымасьць працаваць разам зь Віктарам над некалькімі кнігамі. Ягоныя арыгінальныя і дакладныя гістарычныя рэканструкцыі Полацку, Наваградку, Горадні, іншых нашых старажытных гарадоў аздабляюць шмат якія старонкі маёй кнігі “Краіна Беларусь”.

Віктар быў сапраўдным суаўтарам маёй дзіцячай кнігі “Адкуль наш род”, якая выйшла чатырма выданьнямі. Сёлета мы меліся рабіць новае пятае дапоўненае і даведзенае да нашых дзён выданьне кнігі “Адкуль наш род”. Я абавязкова выдам яе, але мне будзе вельмі не хапаць Віктара. Ён пайшоў у нябесную Беларусь, але сьвятло яго таленту засталося з намі”.

Віктар Сташчанюк будзе пахаваны 9 лютага на радзіме, у Наваградскім раёне.

Некаторыя працы мастака можна паглядзець на сайце часопіса "Наша вера"
XS
SM
MD
LG