Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь шукае праектоўнікаў для АЭС


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта сёньня паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў, адказваючы на пытаньне нашага радыё. Што думаюць наконт магчымых праектоўнікаў беларускай АЭС навукоўцы?

Прэсавы сакратар МЗС гаворыць, што Беларусь занятая пошукам партнэраў для праектаваньня і ўзьвядзеньня на сваёй тэрыторыі атамнай электрастанцыі:

Папоў: “Наколькі нам вядома, актыўныя перамовы цяпер вядуцца. І ўсе пытаньні выпрацоўваюцца найперш Нацыянальнай Акадэміяй навук”.

Кіраўнік Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч цьвердзіць, што падчас выбару праекту Беларусь аддасьць перавагу надзейнасьці будучай станцыі. Паводле Мясьніковіча, існуюць тры найбольш прывабныя варыянты — францускі, расейскі й амэрыканскі.

Мясьніковіч: “Акрамя таго, мы не выключаем, што гэта можа быць і камбінаваны праект — калі, прыкладам, рэактары могуць быць адной кампаніі, а энэргетычныя ўстаноўкі, аўтаматыка — іншай”.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Станіслаў Шушкевіч дае такую характарыстыку тром згаданым варыянтам:

Шушкевіч: “Агульнавядома, што вельмі добрая рэпутацыя ў Францыі, у Бэльгіі. У іх вельмі вялікі працэнт энэргетыкі — атамныя станцыі. А ў абсалютнай велічыне наперадзе ЗША. І там, і там вельмі пільна сочаць за бясьпекай. Ды і расейскія тэхналёгіі ў гэтай галіне таксама нядрэнныя. Бяда ў тым, што расейцы заўжды парушалі тэхналёгіі — і будоўлі, і эксплюатацыі. Тут выбар эканамістаў”.

Акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч лічыць, што ў выбары праектоўнікаў шмат будзе залежаць ад Аляксандра Лукашэнкі.

Вайтовіч: “Думаю, што Лукашэнка будзе гуляць у пэўныя гульні, каб зарабіць на гэтым палітычныя дывідэнды. Але мяне перадусім хвалюе іншае — каб беларуская атамная станцыя ня стала аб’ектам, на якім маглі б пачацца працы для ўзбагачэньня ўрану. Бо непрадказальны чалавек стаіць у нас на самым версе. Непрадказальны!”
XS
SM
MD
LG