Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Расея: транспартная вайна


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства транспарту Расеі абвясьціла, што ня будзе выдаваць беларускім перавозчыкам дазволу на перавозкі грузаў у трэція краіны і з трэціх краінаў.

Беларускія перавозчыкі цьвердзяць, што гэта будзе ўдар у самае балючае месца, бо перавозкі з эўрапейскіх краінаў у Расею і наадварот для іх былі самымі прыбытковымі. Калі Расея спыніць выдачу дазволаў, не мінуць вялікіх стратаў. Дальнабойшчык зь Берасьця Вячаслаў сказаў:

Вячаслаў: “Атрымоўваецца, мы можам грузіцца толькі на Беларусь. Гэта прыбыткі непараўнальныя. Будуць меншыя прыбыткі, і мы проста ня выжывем. Кіроўцы будуць меней зарабляць, будзе больш беспрацоўных і так далей”.

“Белінтэртранс” ажыцьцяўляе каля 90% перавозак на Расею з трэціх краінаў. Намесьнік генэральнага дырэктара Андрэй Абрагімовіч тлумачыць:

Абрагімовіч: “Калі праблема не вырашыцца бліжэйшым часам і дазволы гэтыя скончацца, то гэта даволі сур’ёзна будзе. Мы згубім увесь рынак. Мы ня зможам выконваць кантрактаў. Транспарт будзе прастойваць у Эўропе, мы будзем несьці выдаткі”.

Дазволы расейскі бок выдаваў на квартал і пакуль яшчэ грузаперавозчыкі працуюць у ранейшым рэжыме, але што будзе далей — невядома. Беларускія кіроўцы кажуць, што такімі мерамі расейскі бок спадзяецца пазбавіцца ад канкурэнтаў. Дзеля гэтага некалькі гадоў таму і ўведзеныя такія дазволы — і колькасьць іх штогод памяншаецца. Гэтага не хаваюць і расейцы. Паводле прадстаўніка Асацыяцыі расейскіх аўтаперавозчыкаў Яўгена Судакова, цяпер расейцы робяць толькі каля 47% перавозак.

Судакоў: “Гэта ў прынцыпе бізнэс расейскіх перавозчыкаў, які мы аддаем. Гэта ўвогуле геапалітыка — скарачаць прысутнасьць на расейскім рынку перавозчыкаў трэціх краінаў. Гэта нашы працоўныя месцы, гэта наша “сацыялка”. Мы ж не ідзем садзіць бульбу ў Беларусь — а гэта ж тое самае. Мы саступаем уласны рынак. Гэта грузы двухбаковага гандлю, напрыклад Італія — Расея. Чаму павінны іх весьці беларусы?”

Аднак абодва бакі цьвердзяць, што заява расейскага міністэрства транспарту зьвязаная зь перашкодамі, якія чыняцца беларускай мытняй для расейскага транзыту ў Калінінградзкую вобласьць. Паводле расейскага міністэрства транспарту, расейскія кампаніі маюць істотныя страты, выкліканыя прастоямі, зрывам кантрактаў, аплатай канвояў і стаянкі на мяжы. Дзеяньні беларускай мытні ствараюць напружанасьць на межах.

У Міністэрстве транспарту Беларусі сказалі, што пакуль не атрымалі ніякіх афіцыйных дакумантаў ад расейскага боку. А расейскія дазволы пакуль выдаюцца ў ранейшым рэжыме. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў заклікаў абодва бакі дамаўляцца і вырашаць праблемныя пытаньні ў існых рамках.

Папоў: “Тут аб’ектыўна і выбару іншага няма, бо штогод праз тэрыторыю Беларусі з Расеі ў Эўропу і назад перамяшчаецца мільён тон грузу. Таму трэба садзіцца і здымаць усе ўзаемныя заклапочанасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG