Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маладафронтаўцаў прымушалі пакаяцца


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Алег Корбан і Зьміцер Хведарук заявілі, што сьледчыя КДБ прымушалі іх падаць заявы пра выхад з арганізацыі й напісаць ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі — каб той дараваў ім удзел у “Маладым фронце”. Ад 4 лютага Хведарука і Корбана трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Яны маюць статус падазраваных у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук заявіў, што сьледчыя КДБ аказвалі на яго і Алега Корбана псыхалягічны ціск. Нагадаем, хлопцаў затрымалі 4 лютага і з таго часу трымалі ў турме “амэрыканка”. Праз трое сутак адпусьцілі, загадаўшы зьяўляцца на допыты.

Паколькі сваякі доўгі час ня ведалі, дзе знаходзіцца Алег, то ў міліцыю падалі заяву пра тое, што яго скралі невядомыя асобы ў масках. Сёньня Алег ня змог паўдзельнічаць у прэсавай канфэрэнцыі, бо мусіў даваць з гэтай нагоды тлумачэньні ў міліцыі Партызанскага раёну Менску.

Зьміцер Хведарук распавёў, што іх з Алегам трымалі ў адзіночных камэрах. На сьняданьне прыносілі гарбату й ячную кашу, на абед — гарохавы суп. Гаворыць Зьміцер Хведарук:

Хведарук: “Прасілі нас напісаць паперы пра тое, што мы выходзім з “Маладога фронту”, паперы раскаяньня, усьведамленьня сваёй неправаты. Прасілі напісаць на імя прэзыдэнта ліст пра тое, што мы распусьцім “Малады фронт”, што яго больш ня будзе. Допыты былі розныя. Яны не казалі, калі будзе наступны. Казалі толькі, што будзе заўтра допыт, каб рыхтаваўся, выспаўся. Я рана прачынаўся, чакаў, а на допыт усё не выклікалі. Допыт толькі позна ўвечары. Я не высыпаўся. У камэры не было гадзіньніка. Ведаў толькі час, калі прыносілі ежу й давалі вынесьці вядро са сьмецьцем. Сьледчыя казалі, што нейкія мае сябры напісалі на мяне заявы. Але я зразумеў, што ўсё гэта няпраўда”.

Алег Корбан распавёў “Свабодзе”:

Корбан: “На допыце мяне пачалі палохаць тым, што гэтая крымінальная справа пераўтворыцца ў справу, як з “Партнэрствам” — за кіраўніцтва арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў. Там санкцыя артыкулу да трох гадоў. На допыты выклікалі ўначы. Увесь час палохалі, трымалі ў цёмнай халоднай камэры. Я ўвесь час хадзіў у куртцы. Сьледчыя папярэдзілі нас, што мы будзем увесь час знаходзіцца на кантролі. Казалі, каб мы абавязкова хадзілі на допыты, бо будзе як са Зьмітром Дашкевічам”.

Маладафронтаўцы не выключаюць, што сьпіс падазраваных у крымінальнай справе супраць “Маладога фронту” можа павялічыцца.

Супрацоўнікі КДБ, якія праводзілі ператрусы на кватэрах непаўналетніх, папярэджвалі іхных бацькоў пра тое, што дзяцей могуць прыцягнуць да адказнасьці, бо ім ужо споўнілася шаснаццаць гадоў.

Зьміцер Хведарук паведаміў, што акцыя 14 лютага адбудзецца ў любым выпадку:

Хведарук: “На ўсе гэтыя крымінальныя перасьледы, на ціск на моладзь “Малады фронт” адкажа ў дзень сьвятога Валянціна 14 лютага а 18-й гадзіне на плошчы Свабоды. Гэта будзе яскравае шоў, дзе “Малады фронт” скажа на ўсю краіну, што ён жывы, што беларуская моладзь ня здасца ні пад якім ціскам, што мы стаім і трываем у нашай веры, што ўрэшце мы пераможам”.

Зьміцер Хведарук і Алег Корбан паведамілі, што сьледчыя КДБ на допытах пераказвалі ім інфармацыю, якую чыталі пра хлопцаў у друку і на сайтах, пакуль тыя знаходзіліся ў “амэрыканцы”.
XS
SM
MD
LG