Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: актывісты АГП скардзяцца ў пракуратуру на супрацоўнікаў КДБ


Радыё Свабода Сёньня гомельскія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карняенка, Уладзімер Кацора й Васіль Палякоў зьвярнуліся да абласнога пракурора з заявай.

Падставай стала нядаўняе прызнаньне Ўладзіслава Міхайлава, які публічна паведаміў пра тое, як яго вэрбаваў КДБ. Актывісты АГП лічаць неправамоцнымі дзеяньні супрацоўнікаў управы КДБ у Гомельскай вобласьці адносна Міхайлава.

Як пішуць актывісты, з прычыны “сыстэматычнага ціску й прымусу даваць непраўдзівыя зьвесткі супраць апазыцыйна настроеных грамадзянаў” спадар Міхайлаў летась змушаны быў пакінуць Беларусь. Цяпер ён жыве й вучыцца за мяжой.

У заяве згадваецца, што супрацоўнікі УКДБ ціснулі таксама на актывіста Яўгена Казлова, раней — на Андрэя Толчына, каб схіліць іх да супрацы з КДБ.

Некалькі гадоў таму ў Гомелі ў выніку падобных дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ сышоў з жыцьця малады гараджанін Андрэй Зайцаў. На гэта ён указаў у сваёй перадсьмяротнай запісцы.

“Атрыманыя падобным шляхам непраўдзівыя доказы й сьведчаньні, — пішуць у пракуратуру сябры АГП, — ужо цяпер выкарыстоўваюцца дзяржаўнымі друкаванымі й электроннымі сродкамі масавай інфармацыі дзеля разьмяшчэньня ў іх ілжывых і неправераных матэрыялаў пра апазыцыйна настроеных грамадзянаў Гомельшчыны. Мы ня можам выключаць, што на падставе атрыманых такім шляхам сьведчаньняў ужо заўтра супраць нас могуць быць сфабрыкаваныя больш сур’ёзныя абвінавачаньні”.

Актывісты АГП просяць пракурора Гомельскай вобласьці правесьці праверку й даць прававую ацэнку дзеяньням невядомых людзей у цывільным, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ у Гомельскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG