Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Гарэцкі: “Малады фронт – гэта наш лёс”


Аляксей Знаткевіч, Прага Прэсавы сакратар незарэгістраванай арганізацыі Малады фронт Барыс Гарэцкі ў інтэрвію нашаму радыё заявіў, што нягледзячы на пагрозу крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, сябры МФ працягваюць дзейнічаць адкрыта”.

Гарэцкі: "Малады фронт -- гэта не дзіцячая арганізацыя, ёй сёлета споўніцца 10 гадоў, арганізацыя ўвабрала ў сябе пэўныя традыцыі. Таму, маючы такую гісторыю, мы проста не можам адмовіцца ад гэтага брэнду, гэтай назвы, і можна сказаць, што гэта наш лёс, гэта цэлая ідэалёгія моладзі”.

Знаткевіч: "Ці не разглядалася ідэя сысьці ў падпольле, адкрыта не выказвацца ад імя Маладога фронту, дзейнічаць негалосна”.

Гарэцкі: "Такая стратэгія разглядалася. Безумоўна, кожны маладафронтавец вызначае сам для сябе, на якім узроўні ён бярэ ўдзел у арганізацыі і выступае ад імя МФ: хтосьці дзейнічае больш культурніцкімі мэтадамі, не ўдзельнічае ў масавых акцыях, а праводзіць культурніцкія акцыі, а хтосьці адкрыта выходзіць на вуліцу. І такі і такі варыянты ўдзелу прымальныя".

Знаткевіч: "Але кіраўніцтва арганізацыі гатовае працягваць цяперашнюю стратэгію адкрытай дзейнасьці, якая пагражае турэмным зьняволеньнем любому чалавеку, які заявіць, што ўдзельнічае ў Маладым фронце?"

Гарэцкі: "Мы настойваем на тым, што гэтыя папраўкі, унесеныя ў Крымінальны кодэкс, антыканстытуцыйныя. Малады фронт зьяўляецца дэмакратычным рухам, які заўжды дзейнічаў толькі дэмакратычнымі, адкрытымі мэтадамі, і мы не зьбіраемся зыходзіць у нейкае дрымучае падпольле. Мы -- моладзь Беларусі, якая хоча жыць у сваёй краіне паводле эўрапейскіх законаў. Мы не зьбіраемся хавацца, а будзем надалей адкрыта дзейнічаць, толькі такім чынам, я лічу, мы здольныя дамагчыся перамогі на нашай зямлі".

Знаткевіч: "Малады фронт" мае выразную нацыянальную і хрысьціянскую ідэалёгію. Што б вы адказалі тым крытыкам, якія кажуць, што Беларусь -- і здэнацыяналізаваная і з большага атэістычная?”

Гарэцкі: "Безумоўна, Лукашэнкаўскі фактар вельмі ўплывае на цяперашнюю Беларусь і сапраўды зараз у школах вучаць выказваньні Лукашэнкі наконт супрацоўніцтва з д''яблам ці чортам.... Але я лічу, што ў Беларусі вельмі вялікая будучыня і хрысьціянская місія, як у краіны, якая пад час усёй сваёй гісторыі была завязана на хрысьціянстве. Толькі такую будучыню мае Беларусь".

Знаткевіч: "Як людзі, якія ўспрымаюць несправядлівасьць перасьледу моладзевых актывістаў, могуць падтрымаць тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі?"

Гарэцкі: "Як гэта было пад час суду над Дашкевічам, калі ў сьведкі запісалася паўтары тысячы чалавек, і гэта была сапраўдная праява салідарнасьці, так і зараз, калі нашых сяброў Хведарука і Корбана арыштавалі на тры дні, на адрас МФ прыходзіла вельмі шмат словаў падтрымкі".

Знаткевіч: "Вы сказалі пра суд над Дашкевічам і салідарнасьць, якую выказала шмат людзей. Але нягледзячы на гэта Дашкевіча асудзілі, прычым больш жорстка, чым іншых лідэраў МФ, ён не проста абмежаваны ў свабодзе, як іншыя, ён цяпер зьняволены. Ці ня можна тут сказаць, што праявы салідарнасьці нічым не дапамаглі Дашкевічу?"

Гарэцкі: "Кампанія па Дашкевічу -- гэта вялікая кампанія, і нельга сказаць, што на дадзеным этапе МФ прайграў. Мне вельмі прыкра адчуваць тое, што мой сябар, зь якім я нават некалькі гадоў жыў разам, цяпер знаходзіцца ў турме. Але пакуль ён сядзіць -- я раблю ягоную справу, мае сябры робяць ягоную справу, і я веру, што найбліжэйшым часам Зьміцер Дашкевіч атрымае волю. Зараз мы абмяркоўваем праэўрапейскую рыторыку Лукашэнкі, і я лічу, што калі ён заяўляе пра нейкую дэмакратызацыю Беларусі, то хай спачатку пакажа гэта дзеяньнямі -- няхай выпускае Дашкевіча, Севярынца і Фінькевіча, а потым Эўропа будзе зь ім размаўляць наконт зьменаў палітыкі ў дачыненьні да Лукашэнкі”.

Знаткевіч: "Барыс, супраць вас таксама пачыналі крымінальную справу, вы зьехалі і цяпер вучыцеся па праграме Каліноўскага. Ёсьць шмат крытыкаў у гэтай праграмы, кажуць, што шмат хто туды патрапіў выпадкова, ці зрабіў гэта каб з’ехаць з Беларусі. Што б вы адказалі на гэта?”

Гарэцкі: "Для мяне асабіста гэтая праграма сталася магчымасьцю працягваць адукацыю, таму што мяне пад час прэзыдэнцкіх выбараў выключылі з навучальнай установы. Для мяне гэта стала шанцам падоўжыць адукацыю, як і для многіх людзей. Безумоўна, ёсьць шчырыя людзі і ёсьць няшчырыя, мы ня можам залезьці ў душу да кожнага. Але тое, што гэтая праграма паўстала,-- гэта абсалютна станоўчы фактар. Большасьць тых, якія навучаюцца па праграме Каліноўскага, ці сядзелі ці былі выключаныя з ВНУ".

Знаткевіч: "У нас ёсьць перадача “У што я веру”, у якой выказваюцца розныя людзі. Барыс, у што вы верыце?"

Гарэцкі: "Я веру ў Госпада, як хрысьціянін, я вызнаю тое, што Гасподзь мае цудоўнейшы плян для нашай краіны. Я веру ў тое, што нашая краіна ўрэшце рэшт будзе выконваць гэты плян, расквітнее і стане сапраўднай эўрапейскай зоркай”.
XS
SM
MD
LG