Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі чуеш адказы нашага прэзыдэнта на прапановы Захаду, дык адчуваеш, што ніякіх зрухаў у адносінах няма і ў бліжэйшы час ня будзе”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за чацьвер, 8 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Алесь Чобат, Горадня: “Да мяне дайшла інфармацыя з так званых пэўных крыніц, што на днях прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка падпіша паперку, па якой Расея будзе абавязана плаціць зямельнай рэнтай за ўсе свае трубы. Гэта страшныя цэны і экспарт у Эўропу проста не акупаецца. Калі такое ён падпіша на самой справе, то Лукашэнка пачаў сваю прыватную вайну з Расеяй. Што пачуў, тое і Вам пераказваю. І што з тым рабіць, думайце самі. Усяго добрага”.

Старшыня менскага гарадзкога аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсій Аляксандр Лапіцкі: “Нельга пагадзіцца з кіраўніком дзяржаўнай бясьпекі Сьцяпанам Сухарэнкам, што ў краіне няма палітычных вязьняў. Справа ня новая, спадар Сухарэнка, і ў былым Саюзе рэспублік кіраўнікі КДБ і ўлады казалі, што ў іх няма палітычных зьняволеных, а толькі крымінальныя злачынцы. Цяпер увесь сьвет ведае, што гэта была хлусьня. У першых шэрагах палітычных зьняволеных ідуць сябры “Маладога фронту” – гэта волаты, якія ня ведаюць страху ў барацьбе за ўсталяваньне ў краіне свабоды і дэмакратыі. Палітычнымі зьняволенымі зьяўляюцца ўсе тыя, хто пакараны за ўдзел у мітынгах, дэманстрацыях і у сходах аднадумцаў, правядзеньне якіх ня супярэчыць правам чалавека, здароваму сэнсу і канстытуцыі. Палітычным зьняволеным зьяўляецца мой сын Аляксандр. Свабоду палітычным зьняволеным! Я прапаноўваю “Маладому Фронту” называцца ў далейшым “Беларускі Малады Дэмакратычны Рух”.

Сталы слухач: “Я згодны з Вайтовічам, зь ім BBC вяло доўгую гаворку наконт гэтай сытуацыі з Расеяй. Я згодны зь ім, што нельга быць эмацыянальным так, як паводзіць сябе Лукашэнка. Ён мае рацыю. Трэба сябе паводзіць салідна, быць мужчынам. Гэта вельмі ня слушна. Але мяне зьдзіўляе іншае. У гэтым ён мае рацыю, трэба сябе паводзіць салідна, нікому не пагражаць, а весьці дыялёг і дасягаць сваіх мэтаў разумным шляхам. Але мяне іншае зьдзіўляе. Калі ў нас з Расеяй усё было добра, то апазыцыя казала, што Расея такая, Расея сякая. Можа быць, яны і мелі рацыю. А цяпер, калі ў нашага кіраўніцтва ўзьніклі праблемы з Расеяй, цяпер яны ўжо за Расею. Вось гэтая беспрынцыповасьць, бесхрыбетнасьць…Гэтыя людзі толькі каньюнктуру шукаюць, дзе ўшчыкнуць. Гэта вельмі дрэнна, не салідна. Ці напрыклад узяць выступы. Як ангелец - эканаміст выступае? З павагаю да рэспублікі, да іншых кіраўнікоў. Калі вылазіць наш апазыцыянэр “Сьвядомы,” прыдурак нейкі недароблены, пачынаецца сварка нейкая, грубасьць, выкрутасы нейкія. Паводзьце сябе прыстойна. Можна добрым словам забіць чалавека. Нармальным словам. Разграбайце, раскрывайце сутнасьць, што, як і чаму трэба зрабіць”.

Крэпасны Сяргей, Полацак: “Нядаўна Тацьцяна Процька выступала па “Свабодзе” ці па “Рацыі”. Карацей, я Вам на “Свабоду” дасылаў ліст. Там полацкія багатыя людзі, кліенты, крамы маюць, каапэратывы, займаліся дзяўчатамі, мяне саджалі, на мяне ўсё гэта сьпіхнулі… А іх ніхто не чапае, а мне пракурор сьледчы, палкоўнік, кажа, што “гэта не твая справа. У іх багатыя кліенты, няхай яны і займаюцца. Ня сунь нос ў чужыя справы”. Тых не пасадзілі. А Тацьцяна Процька казала, што можа гэтым заняцца. Яшчэ ў Алеся Бяляцкага ёсьць фатаграфіі з апёкамі. Гэта яшчэ Клінтан казаў, што трэба ў міжнародны суд падаваць. Мы тады праз амэрыканскую амбасаду. Хочацца, каб Тацьцяна Процька занялася гэтым і падаць у міжнародны суд. Тут праблемы і з працай, і прапіскай, і розныя правакацыі праводзяцца. У міліцыі начальнік пашпартнага стала пачала: “Ты там з хлопчыкамі займаесься…” і розную бязглузьдзіцу, адным словам, нагаворваюць. І я з адной дзеўкай сэксам займаўся, дык яна кажа, што здымалі ці скрозь сьцены, ці былі кінакамэры пастаўлены. То бок яна камплімэнт мне выказала. Глупствам займаюцца, прапісалі на два месяцы. А мне трэба на пашпарт новы зарабіць, на візу і на дарогу, каб зьехаць, выйсьці зь беларускага грамадзянства як бэнээфавец. Як антысаветчыка мяне арыштоўвалі, калі пашпарт амэрыканцам аддаваў, калі ў Аўганістане пратэставалі. Гэта цэлая кніга. Хацелася б, каб Тацьцяна Процька занялася гэтым”.

Бартось, в. Квасоўка: “Мяне абураюць словы Лукашэнкі. Ён кажа: “Яны атрымалі крыху менш партфэляў і не задаволеныя”. Скажыце, а сьвінафэрме інжынэру таксама далі партфэль? Ён, як ішак, працаваў, а Ваш “кіраўнік” Крымко сабе катэдж прысвоіў і сынам таксама. Вы забілі свае словы: “Разьбяру па цагліне і раздам жабракам, якіх абакралі”. Вы даўно пра нас забыліся. Усяго найлепшага”.

Спадарыня: “Чаму Расея правакуе Беларусь на энэргетычны канфлікт? То бок газ і нафта дадзены Богам для ўсіх грамадзянаў. А на справе гэтым дарам карыстаюцца асобныя несьвядомыя людзі, набіваюць свае кашалькі, бесяцца з багацьця, арганізуючы ганебныя гулянкі аж у Францыі. Значыць, гэты гурток багачоў з пагардай ставіцца да Пуціна як прэзыдэнта, паказваюць яго слабасьць і нікчэмнасьць. А можа Пуцін хітрыць? Кэдэбісты гэта ўмеюць. Можа, ён знаходзіцца зь імі ў змове і атрымлівае сваю долю. Іначай. Навошта падвышаць кошты, навошта перакрываць трубы? Навошта няславіць сябе на ўвесь сьвет, выстаўляючы сябе капрызным гімназістам, ненадзейным партнэрам? Прэзыдэнт як галава дзяржавы адказвае за ўсё, што адбываецца ў краіне. А прымаючы тое ці іншае рашэньне, павінен прадбачыць вынікі. Прэзыдэнт абавязаны весьці сябе разумна, паважліва, клапаціцца пра дадзены яму народ, працаваць так, каб уся дзяржава багацела, а не гурток нейкіх нахабнікаў, якія нажываюцца на беднасьці і пакутах людзей”.

Ларыса, Менск: “Калі чуеш адказы нашага прэзыдэнта на прапановы Захаду, дык адчуваеш, што ніякіх зрухаў у адносінах няма і ў бліжэйшы час ня будзе. І гэта вельмі сумна. Першы крок можа быць зроблены, калі палітвязьні выйдуць на свабоду. Ды і перасьлед моладзі будзе спынены. Але ж урад вельмі палохаецца нашай моладзі і праваахоўным органам ня будзе працы. Бо каго ж тады лавіць? А гэта ўжо стала звычкай. Ад гэтай звычкі прыйдзецца адмовіцца, бо моладзевы рух ёсьць і будзе. І мы, старыя, дажываем свой век, а яны будуць жыць і кіраваць краінай. Таму трэба параіць пераглядзець сваю палітыку нашаму ўраду ў адносінах да моладзі”.
XS
SM
MD
LG