Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Хведарук: “Сьледчыя КДБ прапаноўвалі пісаць ліст Лукашэнку”


Любоў Лунёва, Менск Зьміцер Хведарук сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што сьледчыя КДБ патрабавалі ад яго і Алега Корбана напісаць заявы ад выхадзе з “Маладога фронту” і роспуску арганізацыі. Паводле яго, сьледчыя настойліва прапаноўвалі напісаць ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дараваць ім удзел у незарэгістраванай арганізацыі.

На прэсавую канфэрэнцыю Алег Корбан ня змог прыйсьці, бо быў вымушаны даваць тлумачэньні ў Партызанскім РУУС. Калі Алега Корбана затрымалі 4 лютага, прадстаўнікі апазыцыі напісалі заяву ў міліцыю аб яго зьнікненьні, і сёньня ён у міліцыі тлумачыў, што зь ім адбылося насамрэч.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук і Алег Корбан учора выйшлі зь сьледчага ізалятару КДБ. Алег і Зьміцер маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ паводле 193 артыкулу Крымінальнага кодэксу за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Артыкулам не прадугледжана ўтрыманьне пад вартай да суду.

Зьміцер Хведарук і Алег Корбан паведамілі, што іх трымалі ў адзіночных камэрах і што харчаваньне было вельмі кепскае. Цяпер хлопцы мусяць 10 дзён чакаць, пакуль сьледзтва ня вызначыцца з абвінавачаньнем. Іх могуць абвінаваціць ва ўдзеле ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі і засудзіць да 2 гадоў турмы.

На здымку: Зьміцер Хведарук перад прэсавай канфэрэнцыяй

XS
SM
MD
LG