Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Валянцін Ждановіч 7.1.1938, Менск — 20.7.1992, Менск.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Калі выдатная асоба пакідае гэты сьвет, у яе раптам знаходзіцца шмат сяброў, колькасьць якіх з гадамі толькі павялічваецца. Згадваецца адна зь юбілейных вечарынаў да 75-годьдзя Ўладзімера Караткевіча, калі нехта з такіх “сяброў” захоплена апавядаў, як пісьменьнік цудоўна граў на гітары і яны сьпявалі дуэтам, хоць насамрэч Уладзімер Сямёнавіч, сапраўды маючы выдатныя голас і слых, гітару ў рукі ніколі ня браў.

Журналіст і фотамастак Валянцін Ждановіч быў адным зь нешматлікіх сапраўдных сяброў Караткевіча. Яны зблізіліся, адчуўшы роднасьць душаў, у 1969-м, у творчай экспэдыцыі на Палесьсе, і потым безьліч разоў вандравалі разам, ажно да апошняй выправы на сваю ўлюбёную Прыпяць у ліпені 1984-га.

Амаль усё жыцьцё ён, адукаваны, дасьведчаны ў гісторыі беларускамоўны габрэй з надзіва цёплай утульнай аўрай, працаваў фотакарэспандэнтам часопісу “Маладосьць”. Мноства зробленых ім здымкаў увайшлі ў энцыкляпэдыі і альбомы, зрабіліся клясыкай беларускага фотамастацтва. Ждановіч адным зь першых у Беларусі пачаў займацца фотаграфікай. Падзеяй стаў у свой час выхад ягонага фотаальбому “Бераг белых буслоў”.

Ён вельмі цяжка перажываў сьмерць Караткевіча, заўсёды кажучы пра долю сваёй віны, хоць ініцыятарам той іх трагічнай вандроўкі быў сам пісьменьнік. Аднойчы мы доўга гаварылі пра гэта ў Валянцінавай “маладосьцеўскай” фотамайстэрні, куды мяне, калі бываў у рэдакцыі, заўсёды цягнула зазірнуць.

Майстэрня была ягоным другім домам. Там ён і разьвітаўся з жыцьцём. Не выключаю, што гэта быў добра абдуманы крок, бо неяк у размове Валянцін працытаваў Сэнэку: “Дзьверы адчыненыя, можаш пайсьці”. Дачка Валерыя лічыць, што бацька проста стаміўся ад тагачаснай незапатрабаванасьці і безграшоўя. Але калегі не выключаюць і іншых вэрсіяў, зьвязаных з тым, што Ждановіч ня толькі таленавіта фатаграфаваў, але часам браўся за складаныя журналісцкія расьследаваньні. Да прыкладу, даказаў, што адзін прыгрэты ўладамі народны мастак ствараў свае “шэдэўры”, займаючыся банальным плягіятам. Валянцін здолеў зьняць памятнае Гуканьне вясны ў менскім Траецкім прадмесьці ў 1986 годзе, калі на навучэнцаў Мастацкай вучэльні і школы-інтэрнату імя І.Ахрэмчыка напалі нацкаваныя гаркамам камсамолу і КГБ ветэраны аўганскай вайны.

Незадоўга да сыходу Валянцін, які меў і бясспрэчныя літаратурныя здольнасьці, напісаў прысьвечанае Караткевічу бліскучае эсэ “Белы човен”.

“Ён быў ПАДАРОЖНІК.

Ён валодаў талентам падарожжа...

Бывала, колькі бывала! — вецер дзьмуў супраціўны, зрываліся ветразі, ламаліся вёслы, лодку шпурляла на камяні. Бывала, ён радаваўся чэрстваму хлебу, а часам хлеб здараўся горкі...”

Валянцін Ждановіч таксама быў Падарожнікам і зьдзейсьніў сваю вандроўку ў прасторы і часе таленавіта і годна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG