Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна пражыць за кошт транзыту?


Юры Дракахруст, Прага У нядаўнім інтэрвію агенцтву Ройтэрз Аляксандар Лукашэнка чарговым разам паабяцаў выставіць Расеі рахунак за ўсе паслугі, якія Беларусь робіць ёй бясплатна ці па заніжаных коштах – вайсковыя базы, транзыт, забесьпячэньне Калінінградзкай вобласьці і іншае. Адначасна кіраўнік Беларусі заявіў, што з прычыны ўнікальнага геаграфічнага становішча краіны, якую “не аб’ехаць і не абыйсці”, і Захад і Ўсход будуць вымушаныя зь ёй лічыцца

Не аб’ехаць і не абыйсьці

Трэба сказаць, што тэза аб геаграфічным становішчы Беларусі як моцным рэсурсе, здольным кампэнсаваць ледзь ня ўсе выдаткі на закупку энэрганосьбітаў, неаднойчы выказваў і сам А.Лукашэнка (падчас цяперашняга беларуска-расейскага крызісу – асабліва часта), і некаторыя прадстаўнікі апазыцыі: маўляў, калі ўжо лічыць па-сапраўднаму і выстаўляць рынкавыя рахункі, то Беларусь можа квітнець адно за кошт транзытных плацяжоў. Клубок узаемных прэфэрэнцыяў у адносінах з Расеяй сапраўды надзвычай заблытаны, а дакладнага і аб’ектыўнага падліку гэтых палёгкаў ніхто не рабіў. Але пэўныя высновы можна рабіць, зыходзячы з эканамічных законаў. Зь іх вынікае, што ў Маскве рахунак, абяцаны Лукашэнкам, чакаюць насамрэч з вялікай радасьцю, не таму, зразумела, што яго рахмана прымуць да аплаты, а таму, што вынікам такой прэтэнзіі стане хуткі і ўсебаковы перавод усёй сыстэмы двухбаковых адносінаў на рынкавыя рэйкі.

Ці будзе тата менш піць?

У эканамічнай навуцы ёсьць паняцьце элястычнасьці попыту – гэты паказчык вымярае, наколькі зьмяняецца аб’ем тавару, які пакупнік гатовы купіць, у залежнасьці ад зьмены цаны. Гэтае на першы погляд мудрагелістае паняцьце добра ілюструе вядомы анэкдот.

Сын: Тата, гарэлка падаражэла, зараз ты будзеш менш піць Бацька: Не, сынок, зараз ты будзеш менш есьці.

У эканамічных тэрмінах попыт героя анэкдоту на гарэлку – неэлястычны, ён будзе купляць пэўную колькасьць літраў незалежна ад кошту. Адна з прычынаў гэтай неэлястычнасьці – адсутнасьць прымальных замяняльнікаў: піць палітуру не дазваляе арганізм, а, скажам, каньяк – сямейны бюджэт, бо каньяк каштуе даражэй, чым падаражэўшая гарэлка.

Прыкладна такое ж становішча – з попытам Беларусі на расейскія энэрганосьбіты, зьменшыць іх спажываньне амаль немагчыма, прымальных альтэрнатываў па вялікім рахунку няма – нафта, якую першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка абяцаў прывезьці праз Вэнтспілс, будзе як каньяк замест гарэлкі ў расказаным анэкдоце. Зразумела, існуе ўзаемная залежнасьць і адпаведна расейскі попыт на беларускія транзытныя паслугі. Але ўся праблема ў тым, што гэты расейскі попыт значна больш элястычны, чым беларускі – на расейскія энэрганосьбіты.

Ёсьць украінскі накірунак транзыту, есьць -- праз краіны Балтыі, праз Балтыйскае мора, праз Чорнае мора. Можа, беларускі накірунак – найлепшы, але самая наяўнасьць разнастайных альтэрнатываў робіць попыт на яго элястычным, пры нават невялікім росьце цаны попыт на транзытныя паслугі рэзка падае, ён можа зьмяншацца нагэтулькі істотна, што Беларусь пры больш высокай цане за транзыт атрымае ня больш, а менш.

Пры такіх суадносінах элястычнасьцяў робіцца абсалютна зразумелым, хто апынецца ў выйгрышы пры пераводзе адносінаў на рынкавую глебу.

Паглядзець на суседзяў

Гэты аналіз пацьвярджаецца досьведам суседзяў Беларусі, краінаў Балтыі і Польшчы, якія гандлююць з Расеяй па рынкавых цэнах ужо 16 гадоў. Яны, пры ўсёй складанасьці адносінаў з Масквой, ніколі не вялі зь ёй вайну цэнаў, кшталту той, якую напачатку гэтага году спрабаваў распачаць Лукашэнка – маўляў, вы падвысілі нам цану на энэрганосьбіты, а мы вам падвысім цану на транзыт настолькі, каб кампэнсаваць нашы страты ад вашага падвышэньня.

І справа тут ня ў тым, што кіраўнікам краінаў Балтыі бракуе адвагі, ўласьцівай Лукашэнку, а таму, што ёсьць разуменьне эканамічных акалічнасьцяў – калі маеш рэсурс , попыт на які – высокаэлястычны, нельга махаць рукамі і ставіць ультыматумы, бо пакупнік проста адмовіцца ад прапановы, а прадавец у выніку атрымае ня больш, а менш. І , магчыма, надоўга.

Вынікам беларуска-расейскай гандлёвай вайны стаў праект “Транснафты” будаўніцтва нафтаправоду ў абыход Беларусі. Выклікаўшы такую рэакцыю, беларускія ўлады не ўзмацнілі, а аслабілі правабнасьць Беларусі, як транзытнай краіны. Адносіны з цягам часу нармалізуюцца, а нафтаправод застанецца, і пустым ён ня будзе. Узор разумных паводзінаў – ціхая, але жорсткая канкурэнцыя паміж Літвой і Латвіяй, Клайпедай і Вэнтспілсам за расейскі (і беларускі, дарэчы) транзыт.

Варта заўважыць, што і зараз гандлёвы балянс і Польшчы, і балтыйскіх краінаў з Расеяй – адмоўны, гэта значыць, што кошт расейскіх энэрганосьбітаў не пакрываецца ня толькі транзытнымі плацяжамі, але і экспартам у Расею.

Усё, акрамя рэформаў

Так што транзыт, як чароўная палачка, якая здольная вырашыць праблемы Беларусі пры належнай рашучасьці кіраўніцтва краіны – гэта шкодны міт.

Выйсьце падказвае ізноў жа досьвед суседзяў, яно – у правядзеньні рэформаў, ператварэньне эканомікі ў такую, якая здольная эфэктыўна працаваць на энэрганосьбітах, купленых па рынкавай цане. Але, відаць, меў рацыю чалавек, які сказаў, што рэформы робяць толькі тады, калі паспрабаваныя ўсе астатнія шляхі. Зараз “беларуская мадэль” спрабуе ўратаваць сябе ў форме транзытнага міту. Магчыма, перш чым выйсьці на нармальны шлях, Беларусі давядзецца наведаць і гэты тупік.

У Маскве рахунак з Менску, абяцаны Лукашэнкам, чакаюць зь нецярпеньнем.
XS
SM
MD
LG