Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Брусэль


Радыё Свабода 8 лютага пачаўся аднадзённы візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Брусэль. У межах Дня Беларусі ў Эўрапарлямэнце, арганізаванага фракцыяй Эўрапейскай народнай партыі--Эўрапейскія дэмакраты, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл правядзе таксама шэраг важных сустрэч і перамоваў з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту.

Тэмамі перамоваў стануць актуальныя пытаньні палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, а таксама пэрспэктывы аднаўленьня эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва аб’яднанай Эўропы з нашай краінай. Заплянаваныя сустрэчы са старшынём Камітэту міжнародных справаў Эўрапарлямэнту Яцэкам Сарыюшам-Вольскім, а таксама лідэрам парлямэнцкай фракцыі Эўрапейскай народнай партыі--Эўрапейскія дэмакраты Жозэфам Даўлам, паведамляе прэсавая служба А.Мілінкевіча.

Падчас Дня Беларусі ў Эўрапарлямэнце адбудзецца шырокае абмеркаваньне палітычнай сытуацыі ў Беларусі і верагодных сцэнараў яе разьвіцьця. Удзел у абмеркаваньні возьмуць дэпутаты Эўрапарлямэнту, прадстаўнікі Рады Эўразьвязу, ПАРЭ, Дзярждэпартамэнту ЗША.

Разам з Аляксандрам Мілінкевічам у Брусэлі знаходзяцца старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і сацыёляг Андрэй Вардамацкі.
XS
SM
MD
LG