Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсіф Кабзон: “У Беларусі фонд адкрылі дзеля таго, каб дапамагаць Саюзу кампазытараў і Саюзу тэатральных дзеячаў”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 8 лютага ў розныя гады.

“Беларуская крыніца”

На гэтым тыдні 1927 году “Беларуская крыніца” за подпісам Др. З-іч друкуе наступнае: “Народ — гэта згодная воля людзей, каб ісьці да аднэй мэты, апіраючыся на еднасьці часьцін об’ектыўных, як раса, тэрыторыя, вера, мова, традыцыя і т.д. Гэты спосаб разуменьня народу лучыць элементы суб’ектыўныя (воля) з об’ектыўнымі. І гэта, на наш сэнс, найлепшая дэфініцыя народу. Ані сама воля не становіць народнасьці, ані сама, скажам, мова, тэрыторыя, але адно і другое — разам”.

“ЛіМ”

“Заўтра — вялікае ўсенароднае свята — дзень выбараў, — піша ў 1947 годзе ў “ЛіМе” паэт Алесь Бачыла. — Да ўрнаў прыдуць выбаршчыкі, каб прагаласаваць за кандыдатаў Сталінскага блока комуністаў і беспартыйных, за лепшых сыноў і дочак радзімы, якіх яны павінны выбраць у Вярхоўны Савет БССР. На маю долю выпала вялікае шчасце галасаваць за выдатнага дзеяча нашай дзяржавы — Вечаслава Міхайлавіча Молатава. З пачуццём бязмежнай радасці я прыду 9 лютага на выбарчы ўчастак і ад усяго сэрца аддам за яго свой голас”.

”Имя”

На гэтым тыдні 1997 году на старонках “Имени” Ёсіф Кабзон выказваецца гэткім чынам: “Для мяне непаважлівае выказваньне вашага прэзыдэнта пра Эсамбаева і Кабзона, які прыяжджаў зь ім, было вельмі абразьлівае і крыўднае. У Беларусі фонд адкрылі дзеля таго, каб дапамагаць Саюзу кампазытараў і Саюзу тэатральных дзеячаў. Ён мусіў займацца камэрцыйнай дзейнасьцю і ўвесь прыбытак аддаваць на дапамогу творчым саюзам. Умяшаліся людзі з управы Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, забралі ў нас усе кантракты і самі пачалі гэтым займацца”.
XS
SM
MD
LG