Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ патрабуе адмяніць папярэджаньне журналісту П.Гузаеўскаму


Радыё Свабода БАЖ патрабуе адмяніць папярэджаньне, вынесенае 9 студзеня намесьніку галоўнага рэдактара недзяржаўнай газэты “Ганцавіцкі час” Пятру Гузаеўскаму за артыкул “Выбары ў раённы савет будуць бяз выбару” пракуратурай Ганцавіцкага раёну. Паколькі яно “неабгрунтаванае і не адпавядае патрабаваньням заканадаўства”, – як паведамляецца у лісьце, накіраваным 5 лютага ад імя праўленьня БАЖ ў пракуратуру Ганцавіцкага раёну і пракурору Берасьцейскай вобласьці, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У артыкуле, які быў апублікаваны ў нумары “Ганцавіцкага часу” ад 8 сьнежня і стаў нагодай для папярэджаньня, П. Гузалеўскі распавядае, як складана, а часам немагчыма было атрымаць ад адказных асобаў – у тым ліку старшыні раённай выбарчай камісіі – інфармацыю пра хаду выбарчай кампаніі і, у прыватнасьці, кандыдатаў у дэпутаты. Аўтар зьвяртае ўвагу, што гэта парушэньне выбарчага заканадаўства, і адзначае асаблівасьць выбараў у раёне – “на кожную акругу прэтэндуе па аднаму чалавеку”.

Аднак супрацоўнік мясцовай пракуратуры Сяргей Замара ўбачыў парушэньне закону ў зьмесце артыкулу Гузаеўскага. Як указваецца ў папярэджаньні за яго подпісам “у тэндэнцыйным стылі апублікавана не сапраўдная і не правераная інфармацыя адносна галоснасьці хады выбараў… Указваецца аб наяўнасьці чутак па дадзеных пытаньнях, аднак не прыводзіцца ніякіх сапраўдных і аб’ектыўных дадзеных, якія указваюць на парушэньне выбарчых правоў грамадзянаў”. Пракурор Замара палічыў таксама неабходным прывесьці ў папярэджаньні цалкам зьмест артыкулу 40 “Закону аб друку і іншых СМІ”.

“Супастаўленьне тэксту артыкулу і зьместу афіцыйнага папярэджаньня выклікае пачуцьцё неўразуменьня, – паведамляецца пазыцыя БАЖ у лісьце, накіраваным С.Замару. – Тэкст напісаны ў інфармацыйным ключы, сэнс яго назвы раскрываецца тут жа… , ніякіх чутак… не прыводзіцца, а апісваюцца няўдалыя спробы журналіста атрымаць інфармацыю”.

Пры гэтым у папярэджаньні не ўказана, у чым канкрэтна выразілася парушэньне, і якая менавіта інфармацыя з’яўляецца несапраўднай і неправеранай, – падкрэсьліваецца ў патрабаваньні БАЖу.

Указаньне ў папярэджаньні на магчымасьць прыпыненьня дзейнасьці газэты “Ганцавіцкі час” супярэчыць беларускаму заканадаўству, – лічыць праўленне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. – у прыватнасьці, нормам артыкулу 3 Закону аб друку, які гарантуе грамадзянам свабоду друку і замацоўвае іх права свабодна выказвацца праз СМІ.

Інфармацыя, выкладзеная ў артыкуле “Выбары ў раённы савет будуць бяз выбару”, сьведчыць аб парушэньні артыкулу 13 Выбарчага кодэксу, што, аднак, засталося бяз вашай увагі, – зазначае БАЖ.

Журналіст Пётр Гузаеўскі таксама накіраваў скаргу пракурору Берасьцейскай вобласьці на вынесенае яму папярэджаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG