Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч зьвярнуўся да Лукашэнкі: рэакцыя палітыкаў


Уладзімер Глод, Менск Аляксандар Мілінкевіч – кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 году – зьвярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Мілінкевіч заклікае дзейнага кіраўніка Беларусі не дапусьціць катастрафічнай сытуацыі ў эканоміцы і аднавіць добрыя дачыненьні з аб’яднанай Эўропай.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, надышоў час, калі старыя падыходы больш не працуюць. “Неабходна ў найбліжэйшы час пераадолець раскол у беларускім грамадзтве. Найлепшай формай для гэтага зьяўляецца дыялёг”, – напісаў палітык у адкрытым лісьце Аляксандру Лукашэнку.

Мілінкевіч таксама даў інтэрвію агенцтву “Reuters”, дзе адзначыў: “Калі б улада пачала рэформы, я гатовы дапамагчы ёй залучыць эўрапейскія рэсурсы”.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павел Лёгкі знаёмы з гэтымі матэрыяламі:

Лёгкі: “Мілінкевіч сапраўды такі магутны, што можа сур’ёзна дапамагчы ўладзе?”

Я адказаў, што гэтае пытаньне не да мяне і ў сваю чаргу спытаў суразмоўцу, ці трапіць адкрыты ліст апазыцыйнага палітыка да кіраўніка дзяржавы?

Лёгкі: “Ня ведаю, я ў кіраўніка дзяржавы не пытаўся, ёсьць у яго гэты ліст ці няма. На жаль, у мяне няма магчымасьці спытаць у яго пра гэта. А разважаць пра тое, якая можа быць ягоная рэакцыя, як гэта можа быць успрынята, я, як мінімум, не ўпаўнаважаны”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Віктар Алампіеў называе зварот Аляксандра Мілінкевіча “крокам палітыка”:

Алампіеў: “Нельга сумнявацца ў тым, што калі б улада пайшла на выкананьне патрабаваньняў эўрапейскай супольнасьці (пра гэта гаворыцца і ў звароце Мілінкевіча), дык Мілінкевіч змог бы вырашыць многія пытаньні на карысьць Беларусі. Але разьлічваць, што ўлада вызваліць палітвязьняў, адновіць дзейнасьць незалежных мэдыяў у поўным аб''ёме ды выканае іншыя ўмовы, пакуль што нельга. Толькі яе вялікасьць эканоміка прымусіць уладу шукаць выйсьце. Але гэта будзе трошкі пазьней”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі бачыць у лісьце апазыцыйнага палітыка “моцны піяр-ход”:

Красуцкі: “Гэта каньюнктурнае рашэньне. Мілінкевіч скарыстаўся сытуацыяй, што склалася ў дачыненьнях Беларусі з Расеяй і магчымых кантактах на эўрапейскім кірунку. Я ня думаю, што ад яго ліста могуць быць сур’ёзныя наступствы. Але гэта крок да атрыманьня палітычных дывідэндаў”.

Драматург і журналіст, у мінулым арганізатар масавых акцыяў пратэсту Мікалай Халезін гаворыць, што такі зварот ня мае пэрспэктывы:

Халезін: “На мой погляд, гэта бессэнсоўныя лісты, заклікі. Я ня ведаю такіх дыктатараў, якія пайшлі б на лібэральныя рэформы. Усе згадваюць толькі аднаго Піначэта. Але ж там былі зусім іншыя абставіны таго, што адбывалася. Таму, мне здаецца, нічога з гэтага звароту ня будзе. Тыя арышты, якія былі ўчора, пазаўчора і ідуць усе гэтыя дні, сьведчаць пра тое, што нічога ня зьменіцца. І ніякага памякчэньня дыктату ня будзе”.
XS
SM
MD
LG