Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў будзе судзіцца зь Міністэрствам адукацыі


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў рыхтуецца да суду зь Міністэрствам адукацыі і яго міністрам Аляксандрам Радзьковым. Пісьменьніцкая арганізацыя патрабуе прызнаць незаконным распараджэньне міністра, якое забараняе творчыя сустрэчы пісьменьнікаў у навучальных установах краіны.

Распараджэньне было прынятае больш за год таму, але для шырокай грамадзкасьці яно дагэтуль закрытае. Тым ня менш дзейнічае вельмі эфэктыўна, і цяпер на свае творчыя імпрэзы літаратары ходзяць таемна, кажа пісьменьніца Вольга Іпатава.

Іпатава: “Мяне запрасілі выступіць у ВНУ, але я вам не магу сказаць у якую. Бо я ўжо неаднойчы сутыкнулася з тым, што пэдагогі мелі вялікія спагнаньні за тое, што запрашаюць тых пісьменьнікаў, чые творы стаяць у школьных праграмах. Гэтая сытуацыя абсалютна ненармальная, амаральная і нават злачынная”.

Акрамя таго, днямі чальцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў даведаліся: на правядзеньне такіх творчых сустрэч неабходна мець дазвол навастворанага Саюзу пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Ад імя рады СПБ старшыня Алесь Пашкевіч зьвярнуўся да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з прапановай адмяніць распараджэньне, але адказу літаратары не дачакаліся.

Пашкевіч: “Гэтае распараджэньне міністра адукацыі парушае канстытуцыйныя правы 505 членаў нашай арганізацыі, сярод якіх жывыя клясыкі, усе аўтары школьных і ўнівэрсытэцкіх праграмаў па літаратуры, ляўрэаты дзяржаўных прэміяў, народныя пісьменьнікі. Таму мы дазьбірваем усе неабходныя дакумэнты і ў гэтым месяцы падаем пазоў у суд да Міністэрства адукацыі”.

Паводле Алеся Пашкевіча, у пазове прыведзены прыклады, калі быў сарваны шэраг сустрэч, у тым ліку з народнымі паэтамі Нілам Гілевічам і Рыгорам Барадуліным.

“Такое распараджэньне высокага чыноўніка зь юрыдычнага пункту гледжаньня ўвогуле разьбіраць немагчыма”, – гэтак пракамэнтаваў сытуацыю юрыст Валянцін Стэфановіч.

Стэфановіч: “Гэта абсалютная цэнзура – ёсьць пісьменьнікі, зь якімі можна сустракацца, і ёсьць пісьменьнікі, зь якімі нельга сустракацца. Ёсьць закон аб грамадзкіх арганізацыях, дзе не гаворыцца, што адна арганізацыя можа даваць дазвол што рабіць іншай арганізацыі. Мне цяжка зразумець, на якой падставе робяцца такія распараджэньні”.

У 2005 годзе быў створаны праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Пасьля гэтага адбыўся шэраг судовых паседжаньняў, на якіх разглядалася пытаньне аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – найстарэйшай у краіне пісьменьніцкай арганізацыі, якую цяпер узначальвае Алесь Пашкевіч. Літаратары адстаялі сваё права на існаваньне, але былі вымушаныя пакінуць некалькі арандаваных пакояў у колішнім пісьменьніцкім будынку – Доме літаратара.
XS
SM
MD
LG