Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутка ў Менску можна будзе заправіцца біяпалівам


Іна Студзінская, Менск Цяпер ужо мала хто памятае, што першы рухавік Рудольфа Дызэля пры канцы XIX стагодзьдзя працаваў на арахісавым алеі. Салярка, якая выпрацоўваецца з нафты, стала для яго палівам толькі пасьля сьмерці вынаходніка. І вось на пачатку XXI стагодзьдзя ўва ўсім сьвеце ў пошуках альтэрнатыўных крыніц энэргіі і, у прыватнасьці, альтэрнатыўнага аўтамабільнага паліва зноў вяртаюцца да выкарыстаньня алею – пальмавага, рапсавага. Першыя крокі ў гэтым кірунку робіць і Беларусь.

У Беларусі вырабленая досьледная партыя біядызэльнага паліва аб''ёмам 705 тонаў. Вырабляюць біяпаліва ў Дзятлаўскім раёне. Падрыхтоўчыя работы пачаліся ў акцыянэрным таварыстве “Наваельненскі міжрайаграснаб” яшчэ ў 2001 годзе. Набылі канадзкае абсталяваньне для атрыманьня рапсавага алею і біядызэльнага паліва.

Расказвае дырэктар прадпрыемства, кандыдат эканамічных навук Аляксей Скіба:

Скіба: “Спачатку ў нас зьявілася досьледна-прамысловая вытворчасьць. А цяпер распрацоўваецца дзяржаўная мэтавая праграма для вытворчасьці біядызэльнага паліва ў Беларусі. Сёлета вырабім 10 тысяч тонаў. А ў наступным годзе плянуем выйсьці на 40 тысяч тонаў”.

Карэспандэнтка: “А што для гэтага патрэбна?”

Скіба: “Усё ў нас апрацавана, і, у прынцыпе, усё ў нас ёсьць. Трэба грошыкаў крыху выдаткаваць і павярнуцца да гэтай праблемы тварам. І ўсё”.

Вырабляны на Дзятлаўшчыне прадукт – гэта сумесь, у аснове якой дызэльнае паліва з дадаткам рапсавага алею спэцыяльнага ачышчэньня. Рапс у Беларусі добра расьце. Як паказваюць разьлікі спэцыялістаў, пры ўраджайнасьці рапсу 30 цэнтнэраў можна атрымаць з гектара адну тону дызэльнага паліва і 100 кіляграмаў чыстай гліцэрыны. Вартасьць яшчэ ў тым, што выкарыстаньне біядызэльнага паліва на аснове прадуктаў перапрацоўваньня рапсу практычна не наносіць шкоды экалёгіі.

Пра перавагі біяпаліва гаворыць Аляксей Скіба:

Скіба: “Гэтае паліва ўва ўсім сьвеце вырабляецца пры дзяржаўнай падтрымцы. Такія захады распрацаваныя ўжо і ў нас. На запраўках біяпаліва прадаецца на 10 % таньней за нафтавае. І якасьць паліва добрая. І асноўнае – гэта аднаўляльная крыніца энэргіі”.

Да прыкладу, у Нямеччыне ў альтэрнатыву звычайнай салярцы вырабляецца больш за мільён тонаў біядызэлю, у суседняй Польшчы – 230 тысяч тонаў у год. Краіны Эўразьвязу ставяць цяпер задачу, каб 10 % аўтамабіляў працавалі на біяпаліве. У Беларусі гэта толькі пачынаецца.

Гаворыць адмыслоўца ў пытаньнях энэргетыкі Тацяна Манёнак:

Манёнак: “Вельмі добра, што заняліся ўрэшце й гэтымі праектамі. Беларусь крыху, вядома, спазьнілася, але, пэўна, не было нейкіх сур’ёзных выклікаў. Дзякуй Богу, што гэта зразумелі”.

Аляксей Скіба запэўніў, што ў Беларусі біяпаліва ўжо можна набыць:

Скіба: “У нас ужо прадаецца. Бярыце дызэльны аўтамабіль – “Мэрсэдэс”, “Опэль” ці які іншы – і прыяжджайце: мы вас заправім”.

Карэспандэнтка: “Вы сказалі, што да вас можна прыяжджаць запраўляцца, але далекавата...”

Скіба: “Мы цяпер вырашаем гэтае пытаньне, і будзе ў Менску 2 – 3 калёнкі. Літаральна празь месяц-два”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG