Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто ў Беларусі купляе тавары сэканд-хэнд?


Міхал Стэльмак, Менск Кожную раніцу ў Беларусі пачынаюць працу сотні пунктаў seсond-hand, дзе гандлююць ношаным адзеньнем і абуткам. Адна з такіх крамак месьціцца на рынку “Ждановічы”, што пад Менскам. Ці папулярныя ў людзей ужываныя тавары?

Гандляр Зьміцер: “Ангельскі распродаж добрых якасных рэчаў... Нядорага... Падыходзім, глядзім, выбіраем... Добрыя рэчы нядорага набываем...”

Я знаходжуся на рынку “Ждановічы”. У адным зь яго куткоў месьціцца крама сэканд-хэнду. Тут гандлююць ношаным адзеньнем – яно раскладзена на прылаўках пад голым небам. Дзясяткі пакупнікоў выбіраюць сабе рэчы.

Гутару з пэнсіянэркай Вольгай Міхайлаўнай:

Карэспандэнт: “Ці выбралі што-небудзь?”

Вольга Міхайлаўна: “Я гляджу пінжак брату. Але ня ведаю: вазьму ці не?”

Карэспандэнт: “Тут ёсьць рэчы, якія можна выбраць?”

Вольга Міхайлаўна: “Гледзячы для каго. Як для мяне асабіста, дык ёсьць, а багатым тут няма чаго рабіць. Хто багаты, той тут ня будзе глядзець”.

Гандляры з такім меркаваньнем ня згодныя:

Аляксандар: “Таму што тут тавар больш якасны і лепшы. Нашмат – у параўнаньні зь беларускімі рэчамі. Тут вельмі шмат фірмовых рэчаў. І ў прынцыпе – нядорага”.

Сьвятлана: “Трапляюцца эксклюзіўныя рэчы – фірмовыя, якія дорага каштуюць у крамах. Напрыклад, я купіла паліто італьянскай фірмы за 100 даляраў, якое насамрэч каштуе 600 эўра. Тут калі “Adidas”, то гэта “Adidas”, а не падробкі, якімі гандлюе “Сьвет моды”.

Аляксандар: “Таму людзі да нас і цягнуцца”.

Валянціна: “Нават артысты прыходзяць сюды”.

Сьвятлана: “У нас увесь бамонд апранаецца”.

Валянціна: “Гэта я дакладна ведаю. Сама бачыла”.

Натальля: “Я глядзела адну з ранішніх перадач і на адной з удзельніц убачыла сукенку, якую тая купіла ў мяне”.

Спадарыні Валянціна й Тацяна ўжо некалькі гадоў набываюць рэчы толькі ў сэканд-хэндзе:

Валянціна: “Мы лічым, што сэканд для нас – гэта добра”.

Частка людзей сапраўды абыходзіць бокам сэканд-хэнд. У іх ліку спадарыня Алена:

Алена: “Хачу сказаць, што стаўлюся да гэтых рэчаў вельмі прадузята. Бо я ня ведаю, які чалавек насіў гэтыя рэчы. Нават калі я іх перамыю, усё роўна буду адчуваць, што гэта чужое”.

Гандляроў сэканд-хэнду такая пазыцыя часткі пакупнікоў не палохае. Спадарыня Аксана:

Аксана: “Вельмі шмат людзей апранаецца. І такія людзі забясьпечаныя. І выглядаюць добра. Нехта ідзе, каб набыць “фірму”. Купляюць тут, бо многа рэчаў зь біркамі, то бок крамы распрадаюць. А шматдзетныя ідуць сюды, бо дорага рэчы ў крамах каштуюць, тыя ж, напрыклад, калготкі – па 4-5 тысяч рублёў на маленькіх дзетак”.

Карэспандэнт: “А тут колькі?”

Аксана: “Тысяча-дзьве. Я прадаю дзіцячы тавар, і ў мяне ёсьць мае сталыя пакупнікі. Рэчы яркія, і якасьці іх не параўнаць з айчыннымі”.

У якіх умовах працуюць гандляры сэканд-хэнду? Прадпрымальніца Алеся:

Алеся: “Працаваць не даюць спакойна?”

Карэспандэнт: “А хто?”

Алеся: “Усё тут душаць нас улады і душаць. Найперш былі ўведзеныя мыты. Гэта раз. Ужо падвысіўся ў 2-3 разы сэканд у нас у закупцы. Адпаведна павялічыліся ў нас цэны. Людзі таксама не зусім задаволеныя, бо купляюць рэчы ў 2-3 разы даражэйшыя”.
XS
SM
MD
LG