Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: “У Беларусі будзе круглы стол?”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса піша сёньня пра прапанову Аляксандра Мілінкевіча Аляксандру Лукашэнку пачаць дыялёг дзеля дабра краіны. Адначасова мэдыі адзначаюць, што беларускі кіраўнік “адкідае магчымасьць дэмакратычных пераменаў у краіне”.

“У Беларусі будзе круглы стол?” – артыкул з такім загалоўкам зьмяшчае “Gazeta Wyborcza”. У матэрыяле падрабязна расказваецца пра ініцыятыву Аляксандра Мілінкевіча, які заклікаў улады да “талакі ў імя Беларусі” і пагадзіўся выкарыстаць свой аўтарытэт на міжнароднай арэне, каб сярод іншага дапамагчы ў паляпшэньні дачыненьняў з Захадам.

Штодзёньнік падкрэсьлівае, што Мілінкевіч пасьля выкананьня ўладамі акрэсьленых умоваў (перадусім дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця) паабяцаў “асабіста зьвярнуцца да заходніх краінаў з заклікам аднавіць эканамічныя і палітычныя кантакты зь Беларусьсю”.

Між тым і “Gazeta Wyborcza”, і шэраг іншых польскіх мэдыяў адзначаюць, што Аляксандар Лукашэнка “адкідае магчымасьць дэмакратычных пераменаў у Беларусі, якіх дамагаецца ад Менску Эўрапейскі Зьвяз”.

“Прыціснуты да сьцяны падвышэньнем цэнаў расейскіх энэрганосьбітаў, Лукашэнка хоча знайсьці саюзьнікаў на Захадзе. Аднак у інтэрвію для агенцтва “Reuters” беларускі дыктатар заявіў, што немагчыма выканаць патрабаваньні забясьпечыць свабоду слова, справядлівыя выбары ці вызваліць палітвязьняў. А менавіта такія захады зьяўляюцца умовай для пачатку працэсу збліжэньня Эўразьвязу зь Менскам”, – пішуць польскія мэдыі.
XS
SM
MD
LG