Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: праспэкт Казуліна ў “Віцьбе-3”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 8 лютага.

Сёньня “Народная воля” ў рубрыцы “Дэмакратыя па-беларуску” друкуе падрабязнасьці масавага арышту сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” супрацоўнікамі КДБ.

Друкуе “Народная воля” аўтарскі артыкул старшыні Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі. Палітык аргумэнтуе, чаму апазыцыя заклікае людзей выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 25-га сакавіка.

Таксама “Народная воля” паведамляе, што ў турэмнай калёніі “Віцьба-3” зьняволеныя назвалі праспэктам Казуліна дарожку ва ўнутраным дворыку, па якой звычайна ходзіць былы кандыдат у прэзыдэнты. Пра гэтую і іншыя навіны з-за кратаў расказвае адзін зь нядаўна вызваленых вязьняў.

Іншыя загалоўкі артыкулаў у сьвежым нумары “Народнай волі”: “Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў паўнамоцтвы Віктара Лукашэнкі”; “Левы марш не спадабаўся Мін’юсту”, “Бляск сталічных крамаў і галеча раённай аўталаўкі”.

“Бобруйский курьер” сёньня дасьледуе прычыны павелічэньня кватэрных крадзяжоў. Расказвае журналіст Віктар Качан:

Качан: “У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць крадзяжоў павялічылася на 111. Толькі кожны трэці выпадак раскрываецца. Міліцыянты даводзяць, што адна з галоўных прычын у тым, што Палата прадстаўнікоў прыняла закон, які зьмякчыў пакараньне за крадзяжы”.

Рэгіянальная газэта “Вольнае Глыбокае” дае параду чытачам спадзявацца ў крытычныя сытуацыі на інтуіцыю катоў. Так, падчас урагану “Кірыл” у вёсцы Ярава Пастаўскага раёну гаспадары напалілі печку, але не заўважылі, што на падлогу выкаціўся вугельчык. Паведамляе журналіст Уладзімер Скрабатун:

Скрабатун: “Да раніцы ўсё памяшканьне ахутаў густы дым. І тады кошка пачала моцна пішчаць. На дапамогу першым прыбег сусед. Неўзабаве зьявіліся і пажарныя. У выніку ўсё абышлося. Тым ня менш быў складзены адміністрацыйны пратакол за парушэньне правілаў абыходжаньня з агнём”.

Уладзімер Скрабатун удакладніў, што ўжо сёлета празь неасьцярожнасьць гаспадароў у рэгіёне адбылося больш як 40 пажараў. Ёсьць ахвяры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG