Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Забаронены канцэрт з нагоды Дня сьвятога Валянціна


Галіна Абакунчык, Менск У Менску забаронены канцэрт, які меў адбыцца напярэдадні Дня сьвятога Валянціна 13 лютага. Адміністрацыя Дому літаратара, дзе плянавалася імпрэза, тлумачыць гэта тэхнічнымі прычынамі. Арганізатары акцыі – камісія па культуры партыі БНФ і сябры кампаніі “За свабоду” – называюць забарону палітычна матываванай.

У імпрэзе арганізатары хацелі спалучыць некалькі падзеяў: акрамя Дня сьвятога Валянціна, адзначыць дзень нараджэньня Кастуся Каліноўскага, які прыпадае на люты, а таксама прэзэнтаваць музычны дыск барда Сяржука Сокалава-Воюша. Заява на арэнду залі была задаволеная, але сёньня з Дому літаратара паведамілі, што дамова скасаваная, паведаміў "Свабодзе" адзін з арганізатараў Франак Вячорка.

Вячорка: “Сёньня я атрымаў інфармацыю ад камэнданта Дому літаратара, што прынята рашэньне на вышэйшым узроўні 13-14 лютага не праводзіць ніякіх імпрэзаў у дзяржаўных установах”.

Патлумачыць прычыну адмены канцэрту я папрасіла таксама начальніка корпусу будынку Дому літаратара Чэслава Праваловіча, і вось што ён паведаміў.

Праваловіч: “З тэхнічных прычынаў нельга правесьці імпрэзу. І 13 і 14 я не магу прыцягнуць людзей для працы. І не адным жа ім я адмовіў – шмат хто іншых зьвяртаецца”.

У літаратурна-музычнай вечарыне плянавалі браць удзел вядомыя літаратары, барды, гурты гістарычнай музыкі. Таксама мелася адбыцца тэатральная пастаноўка, галоўны герой якой Кастусь Каліноўскі, а таксама прэзэнтацыя фільма пра беларускі супраціў 20-стагодзьдзя. Франак Вячорка сказаў:

Вячорка: “Чыноўнікі і ўправа справамі прэзыдэнта баяцца незалежных моладзевых імпрэзаў, баяцца адзначэньня Дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага. Гэтаксама, як маскоўчыкі ў свой час баяліся лісоўчыкаў, пра што сьпявае Сокалаў-Воюш”.

Сябра творчай суполкі “Пагоня”, мастак Аляксей Марачкін дадае:

Марачкін: “Мы кожны год сутыкаемся з такой зьявай. Фактычна, мы жывем у краіне кратаў, дзе ўсялякае іншадумства, ўсялякая ініцыятыва, якая ідзе ад дэмакратаў, ад апазыцыі – падаўляецца ў карані. Таму, ну што тут чакаць ад нашай улады? Іншага, як кажуць, і нельга”.

Арганізатары заяўляюць, што імпрэза ўсё ж адбудзецца, а час, месца і форма яе правядзеньня зараз вызначаецца.
XS
SM
MD
LG