Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін не знайшоў на выставе сваіх кніг


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску адкрылася міжнародная кніжная выстава “Кнігі Беларусі-2007”. Усе выступоўцы - міністар інфармацыі Уладзімер Русакевіч, міністар культуры Уладзімер Мацьвейчук і старшыня пралукашэнкаўскага саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец - выступалі па-расейску. З прэзэнтаванай на выставе літаратуры большая частка – расейскамоўная.

На выставе сваю прадукцыю дэманструюць усе дзяржаўныя выдавецтвы:

Плаўнік: “Мяне завуць Канстанцін Плаўнік. Прадстаўляю выдавецтва “Народная асьвета”.

Карэспандэнт: “Якія кнігі прадстаўлены на выставе?”

Плаўнік: “На выставе прадстаўлены кнігі для спэцыяльнай школы – для дзяцей з цяжкасьцямі навучаньня. Вось месьцяцца кнігі для агульнаадукацыйнай школы – таксама падручнікі, зборнікі задач, дапаможнікі для настаўнікаў”.

Карэспандэнт: “Якую частку займаюць у вас беларускамоўныя кнігі?”

Плаўнік: “Выдавецтва выконвае закон аб дзьвюхмоўі. Таму ў нас падручнікі й вучэбныя дапаможнікі для настаўнікаў як для расейскамоўнай, так і беларускай школ. Усё дублюецца: расейская-беларуская”.

Удзел у выставе бяруць і прыватныя выдавецтвы.

Машкоўскі: “Я ад выдавецтва “Тэхналёгія”. Завуць мяне Машкоўскі Яўген. Вось у нас цудоўнае выданьне “Фауст” Гётэ выйшла. Але гэта опэра, складзеная Радзівілам. Па-другое, выйшла ў нас нарэшце: “Гомельская вобласьць. Назвы населеных пунктаў”. Цяпер рыхтуюцца Віцебская і Магілёўская. Мы аддаём перавагу менавіта беларускамоўным выданьням”.



Між тым, большасьць кніг на выставе – расейскамоўныя. Гэта кінулася ў вочы й адной з наведніц – спадарыні Алене:

Алена: “Я пахадзіла тут – Масква, Кіеў, Менск. Цяжка знайсьці тое, што шукаеш. Беларускай кнігі не так багата. На жаль. Беларускамоўнай літаратуры не так багата”.

Сярод наведнікаў выставы былі й літаратары. Паэт Генадзь Бураўкін на выставе сваіх кніг не бачыў:

Карэспандэнт: “А чаму?”

Бураўкін: “А чаму, я не ведаю. Трэба спытаць у выдаўцоў, чаму іх няма. Не таму, што я такі ўжо лайдак, што нічога за апошнія гады не напісаў. А таму што для гэтых выдавецтваў, якія тут прадстаўлены, я не надта цікавы. Паводле якіх меркаваньняў – не ведаю. Ці то паэтычных, ці то палітычных”.



Студэнт Ігар, які навучаецца ў Акадэміі мастацтваў, таксама мае прэтэнзіі да беларускіх выдаўцоў:

Ігар: “Пра беларускія выдавецтвы... Я б хацеў, каб яны больш шукалі матэрыялаў па старажытным мастацтве, больш архіўных матэрыялаў выдавалі. Бо яны ходзяць “па паверхні” – народных мастакоў выдаюць. А хацелася б, каб гэта было глыбей – вывучыць і выдаць архівы. Альбо схадзіць да нейкіх мастакоў, якія яшчэ жывыя, сабраць у іх нейкія карціны, матэрыялы і нешта выдаць. Але гэтага ў беларускіх выдавецтваў пакуль ня шмат”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG