Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа за 7 лютага


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, з вамі Севярын Квяткоўскі, разам блукаем у беларускім сеціве.

На розных сайтах беларускага сеціва абмяркоўваюць ліст Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі, дзе палітык заклікае пераадолець раскол у беларускім грамадзтве і прапануе дыялёг кіраўніку краіны. Водгукі з сайту блогаў “Жывы Журнал” : “Мілінкевіч казаў, што Лукашэнка пазабіваў палітыкаў і ён пасьля гэтага будзе весьці зь ім перамовы і паціскаць ручку ў супрацоўніцтве?”; “Дык перамагаць ворага, альбо зьлівацца з ім у экстазе?”; “Мілінкевіч, гляджу, зусім ў адчайным становішчы, бядота”; “Дамагчыся саступак з боку Лукашэнкі - гэта была б перамога”.

“Я пайду на акцыю 25 сакавіка 2007 году ў Менску, але тады, калі яшчэ дзесяць тысяч чалавек зробяць тое ж самае”, – заяўляе хтосьці ItalianoVeroMinsk на сайце “Банк абяцаньняў” . Гэты міжнародны сайт адкрыты для ўсіх, хто хоча заахвоціць іншых да пэўнай супольнай ідэі. Вось камэнтары да абяцаньня пра Дзень Волі: “Я па-любому пайду”; “Я яшчэ нiколі ня ўдзельнічаў у гэткіх акцыях, але 25 сакавіка абавязкова далучуся”; “Бязглузда ў сеціве ствараць такую апытанку, можа тут 10 000 і не зьбярэцца, а на вуліцы – дакладна”; “Ну чаму “бязглузда"? Давайце хаця б праверым, колькі людзей можна сабраць вось так - па адным інтэрнэт-апытаньні”.

Блогер Hhelgi_litvin аналізуе ў сваім дзёньніку сытуацыю, якая склалася між афіцыйным Менскам і Масквой, афіцыйнай апазыцыяй і дэмакратычна настроенымі беларускімі грамадзянамі (цытую: ) “Мы ні пры якіх абставінах ня мусім дзейнічаць супраць рэжыму разам з Масквой. У сытуацыі канфлікту Лукашэнкі з Крамлём мы – паводле факту, ня робячы замірэньня – на адным баку фронту з Лукашэнкам. Лукашэнка – паводле факту – робіць нашу справу ў той меры, у якой замінае праглынаньню Беларусі Расеяй, альбо абараняе эканамічныя інтарэсы краіны”. Што да стасункаў у самой Беларусі, дзе, паводле аўтара, разыходзяцца інтарэсы ўлады, афіцыйнай апазыцыі і незаангажаваных у партыі дэмакратычна скіраваных грамадзянаў, блогер піша: “Трэба ствараць нацыянальна-рэвалюцыйную партыю – беларускую “Шын фэйн”.

Блогер Yarik у сваім дзёньніку апісвае дыялёг з выпадковым сустрэчным у ЗША:

“Я: Хай, а ю фром Юкрэін? (Прывітаньне, тыз Украіны?)

Ён: Ноў, а эм фром Раша. (Не, я з Расеі)

Я: О, інтересно. А я із Беларусі.

Ён: Да? Я вабшчэ-та тоже із Беларусі.

Я: Гм... А почему говорішь, что із Росіі?.. Із какого ты города?

Ён: Із Гродно...”

У якасьці камэнтару Yarik дадае: “Самае цікавае, што праз пэўны час такія хлопцы пачынаюць выдаваць сябе за пацярпелых беларускіх апазыцыянэраў”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG