Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прымушае людзей адмаўляцца ад хатніх гадаванцаў?


Юлія Шарова, Менск Штодня ў пункт прыёму і ўтрыманьня жывёлы на Гурскага, 42 ў Менску паступае каля 60 жывёлін. Збольшага гэта адлоўленыя бадзяжныя сабакі і зьдзічэлыя каты, але ёсьць і хатнія жывёліны, якіх прыносяць самі гаспадары. Што прымушае людзей адмаўляцца ад сваіх гадаванцаў?

Памяшканьне, у якім знаходзяцца вальеры з дарослымі сабакамі з доўгай поўсьцю, нагадвае вялікі парнік – прынамсі, там такі ж самы шкляны трохкутны дах, а сьцены зь вялікімі вокнамі зялёнага колеру. Аднак тэмпэратура паветра там не нашмат адрозьніваецца ад той, што на вуліцы – сёньня ўдзень у Менску было восем градусаў марозу. У найбліжэйшыя суткі чакаецца яшчэ большы мароз. У місках для пітва замест вады – сьнег. Ён не растае цалкам. Зрэшты, сабакі ўвесь час мітусяцца па вальерах і гучна брэшуць. Іх нядаўна кармілі – ля уваходу я заўважыла вялікі пакунак корму “Чапі”.

Мой гід у гэтай экскурсіі – майстар па даглядзе за жывёламі Натальля Малашкевіч.

Натальля: “Тут умовы ў прынцыпе, я б сказала, неблагія. Кормяць іх нядрэнна. І вараць ім, і прыбіраюць за імі, і абыходжаньне добрае, і людзі пераважна добрыя”.

Праз 5 сутак іх усыпляюць

Амаль кожны супрацоўнік пункту мае ўласных хатніх жывёл. Шмат хто браў котак і сабак менавіта адсюль.

У ацепленым памяшканьні пункту жывуць сабакі з кароткай поўсьцю, шчанюкі, а таксама коткі й кацяняты. Уваходзім з Натальляй у пакой, дзе стаяць клеткі з дарослымі коткамі. У куце адной з клетак сядзіць вялікі й пухнаты рыжы кот. Убачыўшы нас, ён адразу кладзецца на бок, пачынае на знак вітаньня качацца па падлозе клеткі й дазваляе крыху пачухаць сябе за вухам.

Натальля: “Кот хатні. Пры мне яго прынёс малады чалавек і кажа: “У нас нарадзілася дзіця, мы хочам ката аддаць”. Кату адзін год, кот цудоўны, ніякіх праблемаў зь ім ня будзе. Але яго хочуць аддаць. Я кажу: “Вы ведаеце, што зь ім будзе?” “Так, ведаю”.

Гэты кот “ператрыманы”, ягонае жыцьцё пад пагрозай. Тэрмін знаходжаньня жывёлаў на Гурскага, 42 – 5 сутак. Калі старыя ці новыя гаспадары не адгукнуцца, сабаку ці ката ўсыпляюць – такое правіла. Зрэшты, калі ёсьць вольныя вальеры і клеткі, а жывёліна маладая й здаровая, яе стараюцца патрымаць яшчэ крыху. Таму надзея ў рыжага прыгажуна пакуль ёсьць.

У іншых ніякіх шансаў на выжываньне няма ад пачатку, кажа Натальля.

Натальля: “Учора прывезьлі сабачку. Сучка цяжарная. А яны ўзялі дый аддалі яе. Сабака абсалютна здаровы. Чаму яны не захацелі яго далей трымаць -- незразумела. Але ж сабаку гэтага ніхто ня возьме”.

Прыносяць сюды, каб не зьнішчаць самі

У памяшканьнях для маладняка ў асобных клетках сядзяць цэлыя вывадкі кацянятаў і шчанюкоў. Гаспадары не адважыліся іх зьнішчыць самі, таму прынесьлі ў пункт на Гурскага. Перакласьці на дзяржаўную кантору адказнасьць за сьмерць былога гадаванца шмат хто лічыць зручнейшым спосабам, чым знайсьці яму новы дом. Ну а тое, што кот ці сабака перажывае ў такім месцы яшчэ й калясальны стрэс, бо там занадта шмат іншых жывёл, мала каго цікавіць.

Натальля: “Некаторыя яшчэ завялі такую звычку: прыводзяць жывёліну сюды, пакідаюць, напрыклад, на пяць сутак, а потым забіраюць. Быццам гэта гатэль. Ну ёсьць такія асобныя таварышы. Заплацілі 10.200. А што, вельмі зручна”.

За студзень гаспадароў знайшлі 65 сабак і 49 котак. Калі я ўжо сыходзіла, то мне насустрач якраз крочыў наведнік у суправаджэньні супрацоўніцы пункту – мужчына прыйшоў, каб узяць сабе сабаку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG