Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўная энэргетыка можа забясьпечыць да 20% патрэбаў Беларусі


Ігар Карней, Менск Пошук альтэрнатыўных нафтагазавай сыравіне крыніцаў усё больш актуальны. Цэлыя лябараторыі працуюць, каб легалізаваць уласныя ноў-хаў у галіне энэргетыкі. Калектыў навукоўцаў Міжнароднага дзяржаўнага экалягічнага ўнівэрсытэту імя Сахарава прапануе свой унёсак у энэргетычную бясьпеку краіны.

У Беларусі досыць абмежаваныя магчымасьці для выкарыстаньня аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Сонечных дзён ня так шмат, каб спадзявацца на плён ад сонечных батарэяў. Рэкаў з бурнай плыняй для пабудовы магутных гідраэлектрастанцыяў практычна няма. Таксама не выпадае спадзявацца на энэргію ветру, які прыносяць толькі рэдкія цыклёны.

Загадчык катэдры мэнэджмэнту Міжнароднага дзяржаўнага экалягічнага ўнівэрсытэту імя Сахарава Алег Родзькін гаворыць пра варыянты, за якія зачапіцца збольшага рэальна. Найбольшы патэнцыял, паводле спадара Родзькіна, мае біяпаліва.

Родзькін: “Адзін з кірункаў — атрыманьне паліўнага газу ці мэтану на аснове адкідаў жывёлагадоўлі. Існуюць спэцыяльныя тэхналёгіі, прывязаныя да жывёлагадоўчых комплексаў. Другі кірунак — выкарыстаньне біяпаліва на аднаўляльнай аснове: драўляныя адкіды, пілавіньне, адкіды перапрацоўкі лясной прамысловасьці. Кірунак, якім непасрэдна мы займаемся, выкарыстаньне культураў, якія хутка растуць. Для сваіх экспэрымэнтаў выкарыстоўваем вярбу і таполю, якія за некалькі гадоў набіраюць высокую біямасу, пасьля чаго іх можна выкарыстоўваць як біяпаліва. Яшчэ адна крыніца — рэшткі сельгасвытворчасьці: салома, рэшткі перапрацоўкі”.

На жаль, трапіць у дэманстрацыйна-дасьледчую лябараторыю аднаўляльных крыніцаў энэргіі, дзе ідэі ўвасабляюцца ў рэальныя праекты, сёньня не атрымалася — у студэнтаў вакацыі, таму кіраўніцтва так і ня высьветліла, у каго ж ключ ад памяшканьня. Але гэткую няўдачу змог кампэнсаваць выкладчык Уладзімер Каваленка — ён наладзіў віртуальную экскурсію з выкарыстаньнем прэзэнтацыйнага матэрыялу. Кажа, што выкарыстаньне біягазу ўжо мае плён, асабліва ў прамысловым сэктары.

Каваленка: “Біягаз у нас больш ужываецца ў прамысловасьці. Прыкладам, у Сьветлагорску цэлюлёза-папяровы камбінат і гарадзкія ачышчальныя збудаваньні разам будуюць прыстасаваньне для атрыманьня біягазу. Паводле ўсіх разьлікаў, ім павінна хапіць гэтага біягазу на ўласныя энэргетычныя патрэбы”.

Алег Родзькін зазначае, што ў Беларусі актыўна шукаецца і ўкараняецца альтэрнатыва дызэльнаму паліву.

Родзькін: “Таксама як біяпаліва можна разглядаць рапсавы алей. Ён перапрацоўваецца адпаведным чынам і атрымліваецца так званы біядызэль. У краіне ўжо маюцца такія тэхналёгіі. Шэраг гаспадарак выкарыстоўваюць біядызэль як альтэрнатыўнае паліва... Паводле падлікаў (хоць і цяжка ацаніць патэнцыял), на 15—20% можна забясьпечваць патрэбы краіны коштам так званых аднаўляльных крыніцаў”.

Бадай, самы нетрадыцыйны від біяэнэргіі — памёт, якога шмат назапашваецца на птушкафабрыках і жывёлагадоўчых комплексах. У дылетанта падобная пэрспэктыва выклікае хіба ўсьмешку, а вось дырэктар НДІ экалягічных праблемаў Сяргей Пазьняк лічыць: біягазавыя ўстаноўкі на такім спэцыфічным паліве дазволяць ня толькі забясьпечыць энэргіяй канкрэтнага спажыўца. Гэта магчымасьць пазбавіцца ад немалой праблемы. Паводле нормаў, памёт неабходна ўтылізаваць, пры гэтым заплаціўшы экалягічны падатак.

Пазьняк: “Для Эўропы гэта не навіна. Гэта досыць звыклая справа. Насамрэч гэта вельмі эфэктыўна. І гэты кірунак будзе разьвівацца, вельмі шмат будавацца будзе сёлета ў Гарадзенскай вобласьці. У сельскагаспадарчы вытворчы комплекс Клімко будуць будаваць менавіта такія ўстаноўкі”.
XS
SM
MD
LG