Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Ст’юарт: “Ад ураду Беларусі мы чакаем канкрэтных крокаў” (фота)


Іна Студзінская, Менск Амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі спадарыня Карэн Ст’юарт выказала спадзяваньне, што беларускія ўлады вызваляць актывістаў “Маладога фронту” Алега Корбана і Зьмітра Хведарука. Амбасадарка таксама заявіла, што Злучаныя Штаты чакаюць ад Беларусі канкрэтных пазытыўных крокаў ды рэформаў у палітыцы й эканомікі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт выказалася адносна заяваў Аляксандра Лукашэнкі інфармацыйнай агенцыі Reuters — наконт жаданьня нармалізаваць стасункі з Захадам. Якіх крокаў чакае ўрад ЗША ад Беларусі ў гэтым кірунку?

Ст’юарт: “Мы чакаем канкрэтных пазытыўных крокаў у пляне правядзеньня палітычнай і эканамічнай рэформаў. Мы ўжо ня раз згадвалі, якія гэта могуць быць крокі. Адным зь іх магло б стаць вызваленьне людзей, што цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні паводле матываў, якія мы лічым палітычнымі. Таксама гэта спыненьне перасьледу няўрадавых арганізацыяў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У эканамічным пляне гэта маглі б стаць зьмены й рэальныя рэформы да лепшага”.

Спадзяемся, што беларускія ўлады выпусьцяць маладафронтаўцаў

Што да затрыманьня 4 лютага вялікай групы сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, спадарыня Ст’юарт сказала:

Ст’юарт: “Калі мы ў панядзелак пачулі пра гэтыя затрыманьні, гэта выклікала ў нас заклапочанасьць. Мы вельмі спадзяемся, што беларускія ўлады выпусьцяць тых двух актывістаў, якія яшчэ знаходзяцца ў зьняволеньні. І, як заўсёды, мы будзем заклікаць да захаваньня правоў гэтых людзей, і каб зь імі абыходзіліся належна”.

Гэтыя заявы амбасадарка ЗША зрабіла на адкрыцьці Менскай міжнароднай выставы-кірмаша “Кнігі Беларусі-2007”. Карэн Ст’юарт прэзэнтавала на кніжнай выставе амэрыканскую экспазыцыю.

Ст’юарт: “Прычынай майго знаходжаньня на выставе, нягледзячы на шчыльны графік, зьяўляецца тое, што мы вельмі вялікую ўвагу надаем кніжнай праграме, а таксама праграмам інфармацыйных абменаў. Мы ўжо ня першы раз удзельнічаем у падобных кніжных выставах, рыхтуемся да іх, бо гэта дае нам магчымасьць прэзэнтаваць кнігі, друкаваныя матэрыялы, выдадзеныя на ангельскай, беларускай, расейскай мовах, што распавядаюць пра Злучаныя Штаты Амэрыкі”.

Што да беларуска-амэрыканскага культурнага супрацоўніцтва, то Карэн Ст’юарт высока ацаніла кнігу Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі” з сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, якую ёй падаравалі на выставе.





XS
SM
MD
LG