Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых маладафронтаўцаў могуць адпусьціць уначы


Любоў Лунёва, Менск Cваякі затрыманых актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука і Алега Корбана спадзяюцца, што хлопцаў адпусьцяць пасьля допыту. Згодна з пратаколамі затрыманьня, пасьля 22-й гадзіны сьледчыя мусяць прыняць рашэньне наконт меры стрыманьня. Ад 4 лютага Алега і Зьмітра трымаюць у адзіночных камэрах “амэрыканкі”. Хлопцы маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Адвакаты Павал Сапелка і Аляксандар Галіеў не выключаюць, што пасьля допыту хлопцам выставяць абвінавачаньне. Артыкул 193 Крымінальнага кодэксу (удзел у незарэгістраванай арганізацыі) не прадугледжвае ўтрыманьня пад вартай. Калі да суду пасадзілі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, то сьледчыя спаслаліся на тое, што ён ня меў менскай прапіскі й не зьяўляўся своечасова на допыт.

Маці Зьмітра Ірына Хведарук спадзяецца, што яе сын выйдзе сёньня на волю:

Хведарук: “У дадзеным выпадку я найперш жанчына й маці. Я веру, што недарма наш народ называюць памяркоўным. Спадзяюся, што пераможа здаровы сэнс. Хлопцу 5 сакавіка споўніцца толькі дзевятнаццаць гадоў. Ізаляваць яго за тое, што ён пагражае дзяржаўнаму ладу, — толькі тым, што моліцца, носіць значок і сьцяг іншага колеру, чытае ня тыя кніжкі?.. Калі б, напрыклад, гэта была арганізацыя кшталту Ірляндзкай рэспубліканскай арміі альбо баскаў-сэпаратыстаў, тады, зразумела, іншае стаўленьне. А што, у прынцыпе, ідзе пад хрысьціянскімі сымбалямі, ня можа быць агрэсіўным”.

Алег Корбан на два гады старэйшы за Зьмітра Хведарука. Яго затрымалі дома, калі ён са сваімі сябрамі сьвяткаваў дваццацігодзьдзе. Для брата Алега, Васіля Корбана, гэта было нечаканасьцю.

Корбан: “Сьвяткавалі, раптам “маскі-шоў” прыехалі… Ачапілі ўвесь пад’езд, суседзяў паклікалі панятымі… Нас усіх выгналі на вуліцу. Канечне, непакоімся — што ж яшчэ? Колькі ўжо разоў раней мы хадзілі з бацькам, выцягвалі яго за акцыі зь міліцыі”.

Паплечнікі Алега Корбана і Зьмітра Хведарука чакаюць рашэньня сьледчых КДБ. Актывісты “Маладога фронту” паведамілі “Свабодзе”, што ў выпадку арышту хлопцаў распачнуць шэраг вулічных акцыяў пратэсту супраць дзеяньняў уладаў.

Глядзіце таксама:

Алег Корбан і Зьміцер Хведарук у “амэрыканцы”

Затрыманьне актывістаў "Маладога фронту". Кроніка падзеяў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG