Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антанас Валёніс: "Прымаць у сваё кола аўтарытарнага кіраўніка толькі дзеля таго, што той аддаляецца ад Расеі, -- гэтага дакладна ніхто не захоча"


Радыё Свабода У інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Reuters Аляксандар Лукашэнка сказаў, што заўсёды хацеў наладзіць стасункі з Захадам і што Беларусь даўно прапанавала “эўрапейцам тыя сфэры супрацоўніцтва, і тыя шляхі супрацоўніцтва, якія б вывелі нас на ўзровень добрых суседзяў. Але эўрапейцы ня толькі цяпер, але і заўсёды ставілі для нас непрымальныя ўмовы».

Былы міністар замежных справаў Літвы, віцэ-старшыня камітэту па справах Эўропы ў Сойме Літвы Антанас Валёніс адзначыў у інтэрвію нашаму радыё:

Валёніс: “Сапраўды, Лукашэнка, калі павялічыўся ціск з боку Расеі мае шукаць якое-небудзь выйсьце. Яго не задаволіць роля лідэра аднаго з расейскіх рэгіёнаў, і ён, натуральна, спрабуе размаўляць і з Усходам, і з Захадам, імкнучыся застацца кіраўніком дзяржавы. На жаль, не дэмакратычным, а аўтарытарным кіраўніком. Таму і пачаліся яго праблемы з Эўразьвязам. Дзяржавы Эўразьвязу аб’ядноўваюць асноўныя дэмакратычныя каштоўнасьці, якіх, на жаль, няма ў Беларусі. І таму я не думаю, што магчымы які-небудзь шчыры альянс бяз дэмакратызацыі беларускай дзяржавы, бяз свабодных выбараў, бяз свабодных СМІ, бяз рынкавай эканомікі, і гэтак далей.

Было б памылкай думаць, што real politic, заплюшчыўшы вочы на ўсе (дэмакратычныя) каштоўнасьці, прыме ў сваё кола аўтарытарнага кіраўніка толькі дзеля таго, што той аддаляецца ад Расеі, -- гэтага дакладна ніхто не захоча. Тым больш, што дачыненьні Эўразьвяза і Расеі таксама істотныя. Ня думаю, што які-небудзь хітры плян Лукашэнкі атрымаецца. А тую яго рыторыку, то гучную, то цішэйшую, мы ўжо чуем цягам якіх двух гадоў”.
XS
SM
MD
LG