Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкая звалка можа зьявіцца на месцы сталінскіх расстрэлаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Новая звалка цьвёрдых бытавых адкідаў будуецца на месцы вайсковага палігону ва ўрочышчы Трасьцянец. Паводле спэцыялістаў-гісторыкаў, у Трасьцянцы перад вайною і ў першыя яе дні НКВД праводзіла масавыя расстрэлы людзей. Праектоўнікі новай пляцоўкі для сьмецьця не дасьледавалі гістарычнага мінулага гэтага зямельнага ўчастку.

Пытаньне пра месца згубы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў закранулі падчас круглага стала ў пытаньнях перапрацоўкі, захаваньня і ўтылізацыі адкідаў.

Агенцтва БелаПАН цытуе словы начальніка аддзелу інстытуту “Белкамунпраект” Валер’я Селіванава, які сказаў, што “пры выбары пляцоўкі пад новы палігон пытаньня аб адносінах зямельнага ўчастку да гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў ніхто не задаваў. І таму ў праектных арганізацыях гэтая праблема асобна не разглядалася”.

Галоўны інжынэр гэтага праекту Іван Галушка сьцьвярджае, што перад будаваньнем новай звалкі гістарычныя дасьледаваньні праводзіліся:

Галушка: “Пытаньнем самой пляцоўкі займаўся інстытут “Менскград”. Гэтую пляцоўку пераносілі некалькі разоў, каб адысьці ад гэтых пахаваньняў. І мы як мага далей адышлі ад іх. Ня думайце, што мы не разглядалі гэтага пытаньня. Мы ведаем пра гэта. Было некалькі нарадаў у “Менскпраекце”, “Менскградзе”, у Камітэце архітэктуры й будаўніцтва. І мы перанесьлі гэтую пляцоўку. “Менскград” распрацаваў комплексную схему ўсёй гэтай тэрыторыі з улікам пахаваньняў і нацысцкага лягеру. Усе пытаньні былі ўлічаныя. І нам далі згоду”.

Але спэцыялісты ня пэўныя, што на месцы новага гарадзкога сьметніка няма парэшткаў ахвяраў камуністычнага тэрору. Гаворыць менскі дасьледчык, гісторык Ігар Кузьняцоў:

Кузьняцоў: “Дзе знаходзіцца з 1956 году цяперашняя трасьцянецкая звалка — гэта месца, дзе праводзіліся перадваенныя расстрэлы. Пры тым звалку зрабілі ў ахоўнай зоне лягеру сьмерці Трасьцянец. Яна пахавала перадваенныя расстрэлы. Там і перадваенныя расстрэлы, там і расстрэлы палітвязьняў 26 чэрвеня 1941 году, а адзінкавыя расстрэлы былі і пасьля вайны. Ня выключана, што на гэтай тэрыторыі праводзілі расстрэлы й немцы. А цяпер як можна вызначыць, калі яны там выкапалі яму, — былі там парэшткі ці не? Магчыма, былі, але яны гэтага не афішавалі”.

Новы сьмецьцезборнік пабудаваны ўжо прыкладна на 95% і пачне працаваць у 2008 годзе. Ігар Кузьняцоў гаворыць, што цяпер ужо немагчыма праверыць, ці ёсьць на ягоным месцы пахаваньні. Але можна правесьці дасьледаваньні на прылеглых тэрыторыях і дакладна вызначыць, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.
XS
SM
MD
LG